У цэнтры Брагіна знойдзены тайнік са зброяй
Пры правядзенні работ па ўладкаванні тратуарных дарожак на тэрыторыі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ў Брагіне працоўныя знайшлі пад зямлёй схованку са зброяй.
Пры выманні зямлі коўш экскаватара зачапіўся за металічныя прадметы. Агледзеўшы іх, рабочыя сказалі пра знаходку начальніку, была выкліканая міліцыя, паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Ігар Грышкевіч.
На паверхню былі паднятыя ржавыя часткі 12 кулямётаў Дзегцярова, 39 ППШ, 36 вінтовак Мосіна, шасці станковых і двух авіяцыйных кулямётаў „Максім” і некалькі станін да іх, стрэльба процітанкавая ПТРД і дзве ствольныя каробкі з ударна-спускавым механізмам да яе. Акрамя гэтага, у тайніку знаходзіліся 65 карабінаў Мосіна 1944 года выпуску, 23 нямецкіх карабіна К-98 „Маўзер”, кулямёт Дзегцярова пяхотны (ДП-0), дэталі і трое санак да яго ж. Былі ідэнтыфікаваныя аўтамат Фёдарава, самазарадныя вінтоўкі Сіманава і Токарава, станіна да 80-міліметровага мінамёта. Выяўленая вялікая колькасць ствольных каробак, газавых поршняў, ударна-спускавых механізмаў да зброі.
Падчас работ па выманні зброі тэрыторыя ДЮСШ і найбліжэйшыя раёны былі ачэпленыя. Раскопкі рабілі спецыялісты групы размінавання вайсковай часці 5525.
Зброя небяспекі не ўяўляла, бо не было зараджаная, а боепрыпасы на месцы знаходкі адсутнічалі. На думку міліцыі, зброя магла быць канфіскаваная пасля Другой сусветнай вайны ў насельніцтва альбо складаваная ў канцы вайны — мяркуючы па вінтоўках 1944 года выпуску. Па факце выяўлення арсенала праводзіцца праверка, прызначаныя неабходныя экспертныя даследаванні, дадалі ва УУС.
Паводле слоў мясцовых жыхароў, пасля заканчэння вайны на гэтым месцы знаходзіўся будынак ваенкамата, які затым знеслі.
