Малебен за Курапаты ў цэнтры Менска



Ля Свята-Духава кафедральнага сабора на плошчы Свабоды прайшоў малебен за забітых у Курапатах. Некаторыя актывісты выйшлі на плошчу з крыжамі, некаторыя — з бел-чырвона-белымі сцягамі. 

Гэты дзень – сімвалічны. Праваслаўныя вернікі 7 красавіка адзначаюць адно з галоўных рэлігійных святаў – Дабравешчанне. 

Паводле Уладзіміра Някляева, беларусам сёння трэба „звярнуцца да Бога, каб ён спыніў не проста здзекі з беларускага народа, але і з самога сябе”. Някляеў нагадаў, што за здзек з хрысціянскіх святыняў царква звычайна абвяшчае анафему. 

Як паведаміла жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, палітык быў сёння затрыманы пры выхадзе з дому.

На малітве прысутнічала каля 200 чалавек. Міліцыянты папярэдзілі людзей, што гэта несанкцыянаваная акцыя.

Малебен адслужыў айцец Вікенцій — іераманах Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Святары БПЦ Маскоўскага патрыярхату да людзей ня выйшлі, – паведамляе „Свабода”. Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель заклікаў прысутных прыходзіць і ў Курапаты на малітвы, што ладзяцца там штовечар а 19-й гадзіне.

Пасля некалькі дзясяткаў людзей рушылі да каталіцкага Архікатэдральнага касцёлу імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Святары Аўтакефальнай праваслаўнай царквы зачыталі малітву і там.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота і відэа svaboda.org

* * * 

Сёння, 7 красавіка, ля Свята-Духава кафедральнага сабора на плошчы Свабоды а 12-й гадзіне пройдзе малебен за забітых у Курапатах і ў абарону хрысціянскай веры. З ініцыятывай правядзення набажэнства выступіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч.

На правядзенне набажэнства каля храмаў не патрабуецца дазвол уладаў.

Лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і Яўген Афнагель таксама звярнуліся да кіраўнікоў Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў з просьбай пра сустрэчу. Яны хочуць абмеркаваць супольныя намаганні для абароны Курапатаў.

Нагадаем, 4 красавіка на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій паводле рашэння ўлад спецтэхнікай было дэмантавана 70 драўляных мемарыяльных крыжоў, усталяваных летась грамадскімі актывістамі на чале са Змітром Дашкевічам. Наконадні, 1  сакавіка на прэс-канферэнцыі Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.

Беларускае Радыё Рацыя