У цэнтры Менска заўважылі рэдкую марскую качку



Рэдкі від качкі – нырок-маранка – заўважаны ў цэнтры беларускай сталіцы. Гэта другая рэгістрацыя віду ў Менску, паведамляе грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Першы раз гэты від назіралі тут тры гады таму, у пачатку студзеня 2016 года.

Нырка-маранку ўжо тыдзень можна пабачыць сярод качак-крыжанак на незамерзлых участках Свіслачы паміж дамбай Камсамольскага возера і Палацам спорту. Птушка не баіцца людзей, актыўна нырае на дно па малюскаў, умее пастаяць за сябе перад качкамі-крыжанкамі, нягледзячы на свой малы памер. Выглядае на тое, што яна вырашыла тут затрымацца.

Гэты від гняздуецца ў тундры і, як бачна з яго назвы, большую частку жыцця праводзіць у моры і ў глыбіню кантынента стараецца не лезці. У Беларусь залятае рэдка, два-тры разы на год.

Гэтая качка рэдкая не толькі ў Беларусі. Нырок-маранка занесены ў Міжнародны чырвоны спіс як уразлівы від, колькасць гэтых птушак імкліва скарачаецца.

Птушку 12 студзеня заўважыла Ірына Самусенка, кандыдат біялагічных навук, загадчык лабараторыі арніталогіі “НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі”, сябра Цэнтральнага савета АПБ:Мы разам з аспірантам у межах навуковых працаў праводзім назіранні за чайкавымі птушкамі на вадаёмах Менска. Падчас іх я і заўважыла нырка-маранку. Гэта малады самец першага года. Нырок-маранка – цікавы від: у адрозненне ад іншых відаў вадаплаўных нырковых качак, да якіх ён адносіцца, у яго не дзве лінькі на год, а тры. Таму дакладна вызначыць, самка гэта ці малады самец, бывае калі-нікалі цяжка нават для спецыялістаў. Але гэта дакладна самец, бо ён мае каляровую, вельмі кантрасную афарбоўку. Самца адрозніваюць адметныя падоўжаныя лапаткавыя пёры-касіцы белага колеру і цёмная плямка на шчоках. У адрозненне ад качак-крыжанак, якія штогод зімуюць у Менску, гэта нырковая качка, і яна нават болей нырае, чым плавае, бо здабывае сабе водных жучкоў, малюскаў, іншых бесхрыбетных недзе на дне, пад вадой”.

Паводле ptushki.org

Фота: Аляксандр Вінчэўскі