У цэнтры Вільні зачынілася знакамітая турма



1 ліпеня з Лукішкскага СІЗА-турмы ў Вільні вывезлі апошніх асуджаных, пасля чаго міністр юстыцыі Літвы Эльвінас Янкявічус афіцыйна абвясціў пра закрыццё турмы, піша TUT.BY  са спасылкай на delfi.lt.

– Сёння на Лукішках няма ніводнага зняволенага. Ужо некалькі дзён, як няма. Трэба з’ехаць адміністрацыі, ёсць інвестар, якога трэба высяліць. Тут застанецца толькі ахоўная тэрыторыя, – заявіў міністр.

Па словах Янкявічуса, ён будзе патрабаваць, каб тэрыторыя вакол турмы стала даступнай для ўсіх, каб не засталося сімвалу жаху за калючым дротам.

Лукішкская турма была збудаваная ў 1901-1904 гадах. Яна выкарыстоўвалася як месца зняволення палітычных апанентаў улады падчас царскай Расеі, Польшчы, СССР і нацысцкай Германіі.

Сярод яе зняволеных былі класікі беларускай літаратуры Максім Гарэцкі і Максім Танк, навуковец Барыс Кіт, драматург Францішак Аляхновіч, дырыжор Рыгор Шырма.

 Фота: wikipedia.org