У Турэччыне пачаўся суд у справе аб забойстве журналіста Джамала Хашогі



Суд у справе скандальнага забойства саудаўскага журналіста, падтапленні ў Японіі. Пра што напісала сусветная прэса сёння, даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча.

У Турэччыне пачаўся суд у справе аб забойстве журналіста Джамала Хашогі, але ніхто з 20 грамадзян Саудаўскай Аравіі, абвінавачаных у забойстве, не прысутнічаў.

Нявеста Хашогі, Хаціс Цэнгіз, заявіла на судзе ў Стамбуле, што абвінавачаныя выкарыстоўвалі „здраду і падман”, каб завабіць журналіста і забіць яго ў саудаўскім консульстве ў Стамбуле. Хашогі, які на той момант акрамя саудаўскага ўжо меў грамадзянства ЗША, у 2018 годзе адправіўся ў консульства, каб забраць дакументы, якія дазволілі б ажаніцца на Цэнгіз, грамадзянцы Турэччыны. Ён быў забіты наўпрост у консульстве, а Цэнгіз чакала яго звонку. Журналіст, які пісаў калонкі для The Washington Post, быў вядомым крытыкам саудаўскага прынца Махамеда бен Салмана. 20 падсудных, у тым ліку два былыя памочнікі спадчыннага прынца, вярнуліся ў Саудаўскую Аравію. Эр-Рыяд адхіліў просьбу Анкары аб іх экстрадыцыі, піша „Голас Амерыкі”. Некаторыя з іх судзіліся ў Саудаўскай Аравіі ў закрытым рэжыме. Турэцкія пракуроры сцвярджаюць, што мужчыны былі накіраваны ў Турцыю з Эр-Рыяда адмыслова, каб перашкодзіць Хашогі.

Саудаўская Аравія падавала розныя версіі пра знікненне Хашогі, у канчатковым выніку заявіўшы, што забойства стала працай злачынцаў. Цэнтральнае разведвальнае агенцтва ЗША з «высокай упэўненасцю» прыйшло да высновы, што забойства замовіў наследны прынц Махамед. Але ён сам адмаўляе датычнасць да злачынства.  Цела Хашогі не было знойдзена. Турэцкая і саудаўская пракуратуры сцвярджаюць, што саудаўскія агенты знішчылі яго цела пасля забойства. Працаўнік консульства Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле Зэкі Дэмір распавёў турэцкаму суду ў пятніцу, што яго папрасілі запаліць тандырную печ менш, чым праз гадзіну пасля таго, як Хашогі ўвайшоў у будынак. Ён паведаміў, што адчуў у іх паніку. У судзе абвешчаны перапынак да 24 лістапада.

Швейцарскі ўрад і іншыя краіны занепакоеныя працай федэральнага пракурора Швейцарыі Майкла Лаўбера і яго сувязяў з Расеяй. На мінулым тыдні сенатар Роджэр Уікер, сустаршыня Хельсінкскай камісіі ЗША, звярнуўся да амбасадара Швейцарыі ў Вашынгтоне на мінулым тыдні з нагоды незалежнасці высокапастаўленых дзеячоў швейцарскай прававой сістэмы. Барыс Цілевічс, старшыня камітэта Рады Еўропы па прававых пытаннях і правах чалавека, напісаў прадстаўнікам Швейцарыі ў Страсбургу, каб яны афіцыйна звярнулі ўвагу на падобныя праблемы ў пачатку месяца. Копіі карэспандэнцый бачылі ў Financial Times. Лаўбер змагаецца за захаванне сваёй пасады пасля таго, як у траўні супраць яго была заведзена працэдура адводу.

Пракурор, які назіраў за ўсімі крымінальнымі пераследамі і расследаваннямі ў Швейцарыі з 2012 года, заблытаўся ў шэрагу скандалаў, якія за апошнія месяцы паставілі пад сумнеў ягоныя паўнамоцтвы і паставілі пытанні наконт яго справядлівасці. У цэнтры палітычнага расследавання разглядаліся дзеянні Лаўбера ў справе аб карупцыі ў ФІФА, кіруючым органе сусветнага футболу, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Цюрыху. Аднак у апошні час Лаўбер усхваляваны іншымі крымінальнымі справамі, асабліва тымі, якія маюць сувязь з Масквой. У мінулым месяцы вышэйшы крымінальны суд Швейцарыі пацвердзіў прысуд за дробны хабар, вынесены былому галоўнаму дарадцу пракурора па пытаннях Расеі. На слуханнях было выяўлена, у якой ступені Лаўбер выкарыстоўваў каналы для падтрымкі цесных нефармальных сувязяў з высокапастаўленымі расейскімі чыноўнікамі, у тым ліку тымі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША і Еўропы. Расследаванне працягваецца.

Раніцай у суботу праліўныя дажджы залілі паўднёвы рэгіён Японіі ў прэфектурах Кумамота і Кагасіма, адбылася паводка. Пра гэта паведаміў NHK. За адну гадзіну ў прэфектуры Кумамота выпала больш за 100 мм ападкаў. Метэаролагі адзначаюць, што гэта самая магутная залева за апошняе дзесяцігоддзе. Рака Кума на поўдні Кумамота выйшла з берагоў, мост быў размыты. Аварыйныя службы кажуць, што яны атрымалі больш за 100 зваротаў па дапамогу. Адзначаецца таксама, што паток вады знес некалькі дамоў, і сувязь з больш чым 10 чалавекам была страчана. Улады Японіі загадалі эвакуяваць амаль 800 000 чалавек з трох гарадоў – Іры, Кагасімы і Кірысімы. Паселішчы, размешчаныя ў нізінных раёнах, найбольш пацярпець ад паводкі. Раней японскае метэаралагічнае агенцтва вынесла папярэджанне аб надзвычайнай сітуацыі з-за моцных дажджоў у прэфектурах Кумамота і Кагасіма ў рэгіёне Кюсю.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.

Фота bbc.com