У вадасховішчы ў Пінскім раёне знойдзенае цела аднаго са зніклых рыбакоў



У Пінскім раёне ў вадасховішчы Пагост 1 снежня прыблізна ў 13.00 было знойдзенае цела аднаго са зніклых рыбакоў.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка, мёртвага 61-гадовага пінчаніна ў выратавальнай камізэльцы знайшлі на паверхні вады. Прычына гібелі мужчыны ўстанаўліваецца. Пошукі другога рыбака працягваюцца.

30 лістапада ў 18.15 у Пінскі РАУС звярнуўся жыхар вёскі Плешчыцы. Мужчына расказаў, што ў гэты дзень у 11.00 на вадасховішча Пагост паплылі ў лодцы на рыбалку яго 40-гадовы аднавясковец і 61-гадовы жыхар Пінска. У рыбакоў былі з сабой мабільныя тэлефоны. З 15.00 мужчыны перасталі выходзіць на сувязь, іх тэлефоны недаступныя.

Паводле слоў відавочцаў, у гэты дзень з-за моцнага ветру на вадасховішчы былі вялікія хвалі.

30 лістапада пачаўся пошук рыбакоў. 1 снежня пошукавыя работы працягнуліся. У іх задзейнічаныя супрацоўнікі міліцыі, МНС і „Асвода”.