VII Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі



Тры дні, дзясяткі навуковых дакладаў. У Варшаве скончыўся Сёмы Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Падзея ўвабрала ў сябе абсалютна розныя сферы, звязаныя з Беларуссю, усяго налічвалася больш за 17 розных секцыяў. Сёлета новай тэмай стала горадабудаўніцтва і планаванне, а таксама яшчэ некалькі пытанняў, гаворыць адзін з арганізатараў Кангрэсу Аляксей Ластоўскі:

– Новыя панэлі, якія разглядалі расейскую інфармацыйную палітыку, мяккую сілу  ў кантэксце інфармацыйнага супрацьстаяння. Абмяркоўвалі ўпершыню і тэмы дыгіталізацыі, працэсы ўздзеяння новых лічбавых тэхналогій на паводзіны і ідэнтычнасць.

Паводле папярэдніх падлікаў, сёлетні Кангрэс даследчыкаў Беларусі стаў найбольш масавым за ўсе гады. Адначасова арганізатары адзначылі, што многія заўяленыя ўдзельнікі не даехалі да Варшавы, а само фінансаванне імпрэзы было недастатковым.             

Андрэй Казакевіч (на фота) падсумоўвае вынікі кангрэсу. 

Удзельнікі выказваюць свае прапановы і заўвагі.

Сёлета шмат удзельнікаў не змагло даехаць, у тым ліку праз слабое фінансаванне Кангрэсу. Нягледзячы на гэта, рэкорд і так быў пабіты – паводле папярэдніх дадзеных, у мерапрыемстве ўзяло ўдзел каля 600 чалавек.

Дзяніс Лаўрухін, прадстаўнік секцыі „Акадэмія і палітыка”, зазначыў, што „пераезд” Кангрэсу з Коўна ў Варшаву аказаўся спрыяльным.

Прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Ніна Баршчэўская распавядае, што навукоўцы прааналізавалі становішча беларускай мовы ў Беларусі, а таксама сітуацыю з яе выкладаннем ў замежжы.

Тэолаг Наталля Васілевіч – кіраўніца багаслоўскай секцыі. „Рэфармацыя ў царкве пачынаецца з жанчынаў”. На секцыі разважалі над магчымасьцю зменаў у Праваслаўнай Царкве.

Лукаш Бырскі, суарагнізатар мерапрыемства: „Кангрэс варта далей ладзіць у Варшаве, каб падтрымаць зацікаўленасць да Беларусі”.

* * * 

У Варшаве праходзіць Сёмы Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Бадай што найвялікая навуковая падзея ў свеце беларусазнаўства адбываецца ў варшаўскім “Калегіум Цывітас”.  У мерапрыемстве прымаюць удзел каля пяцісот чалавек.

Ад гісторыі Вялікага Княства праз жаночую літаратуру пачатка ХХ стагоддзя да сучаснага мастацтва, закранаючы кампутарныя гульні. Пра ўсё гэта размаўляюць удзельнікі Міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які пачаўся ў Варшаве. Сярод навуковых секцыі і панэляў абмяркоўваюцца таксама эканоміка, палітыка і бяспека.

Гаворыць Аляксандр Пагарэлы з інстытута слявістыкі Польскай Акадэміі навук:

– Кангрэс ператварыўся ў добры сацыяльны інстытут, які гуртуе вакол сябе людзей з вельмі рознымі поглядамі на розныя праблемы. Дазваляе сустрэцца, абмяняцца думкамі. Гэта дазваляе лепш зразумець і свет вакол Беларусі, і што ў ёй самой адбываецца.

***

Кангрэс арганізуецца у паразуменні  беларускіх, польскіх і літоўскіх інстытутаў і навуковых асяродкаў. Мерапрыемства праходзіць пад ганаровым патранатам прэзідэнта Варшавы.

Старшыня аргкамітэта Кангрэса даследчыкаў Беларусі Андрэй Казакевіч распавядае, што ў сувязі з вялікім Скарынаўскім юбілеем асаблівая ўвага будзе ўдзелена беларускай гісторыі і культуры.

– У сувязі з юбілеем, 500 год беларускага кнігадрукавання, у гэтым годзе сапраўды шмат увагі будзе надавацца гуманістыцы. Таксама гісторыі традыцыйна шмат увагі надаецца. Зноў жа ў гэтым годзе маем юбілей камуністычнай рэвалюцыі, што таксама будзе адным з фокусаў увагі.

Таксама ў праграме Кангрэсу прадугледжана дыскусія наконт  адносінаў паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю на фоне веснавых пратэстаў і масавых рэпрэсіяў. Апроч гэтага, навукоўцы будуць гаварыць пра эканамічнае развіццё і бяспеку ў нашым рэгіёне.

На Кангрэсе выступіць і вядомая паэтка, якая піша вершы на беларускай мове, гішпанка Анхела Эспіноса. Выступ паэткі адбудзецца ў заключны дзень Кангрэсу, 17-га верасня.

Пра тэматыку, якую ён закране, гаворыць Анхела Эспіноса.

У мяне прэзентацыя па параўнальнай літаратуры і менавіта я буду параўноўваць некаторыя элементы прозы Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэккера, гэта наш, гішпанскі пісьменнік. Я старацца пабудаваць паралелізмы паміж гішпанскімі і беларускімі пісьменнікамі.

Поўную гутарку з Анхелай Эспіносай слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гэтым разам кангрэс праходзіць не ў Коўне, як звычайна, а ў Варшаве. Арганізатары такім чынам разлічваюць прыцягнуць новых удзельнікаў з заходніх краін і прасунуць ідэі кангрэсу ў новых акадэмічных асяродках. Але размова не ідзе пра пераезд у польскую сталіцу назаўсёды.

Кангрэс даследчыкаў Беларусі плануе сабраць у Варшаве каля паўтысячы навукоўцаў і экспертаў. Традыцыйна чакаюцца дыскусіі і прэзентацыі, а таксама наданне прэміі за найлепшыя навуковыя публікацыі па выніках 2015-га і 2016-га гадоў. Сярод тэмаў, што будуць абмярковаўцца , ёсць “Беларусь і рэгіён у кантэксце посткаляніяльных даследаванняў”, “Прапаганда, дэзінфармацыя і расійская “мяккая сіла” у Еўропе”. Сярод гістарычных тэмаў заяўленыя Вялікае Княства Літоўскае, войны і паўстанні ў Беларусі ў ХІХ стагоддзі. Літаратуразнаўцы будуць сярод іншага гаварыць пра феміністычную плынь у беларускай літаратуры. Перакладчыкі – пра 500-годдзе беларускага кнігадруку. Усяго будуць працаваць 17 секцый.

Завершыцца Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі 17 верасня.