У Вашынгтоне могуць назваць вуліцу у гонар Рамана Бандарэнкі



Вуліцу ў Вашынгтоне каля пасольства Беларусі могуць назваць у гонар загінулага беларускага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі.

З такой ініцыятывай выступіла беларуская дыяспара. У Facebook прагаласавалі больш за 300 чалавек. Далей ініцыятыву падтрымаў тамтэйшы раённы камітэт. Наступны крок — разгляд прапановы ў Савеце акругі Калумбія.

Даваць вуліцам сімвалічныя імёны дысідэнтаў і ахвяраў рэжымаў, амбасады якіх там знаходзяцца, гэта вашынгтонская традыцыя. Там ужо ёсць плошча Барыса Нямцова, праезд Джамаля Хашогі і плошча Лю Сяабо.

У Вашынгтоне сімвалічнае перайменаванне магчымае не раней за другую гадавіну з дня смерці чалавека. Прадстаўнікі беларускай дыяспары спадзяюцца паскорыць працэс.

Раман Бандарэнка ў лістападзе мінулага года памёр у шпіталі хуткай дапамогі пасля таго, як яго збілі на знакамітай Плошчы Перамен у Менску. Расследаванне справы прыпынена: следчыя „не змаглі вызначыць падазраваных”, хаця іх прозвішчы названыя ў інтэрнэце.