У Ваўкавыскім раёне ўзмацняюць маскавы рэжым



У Ваўкавыскім раёне ўзмацняюць маскавы рэжым у месцах масавага знаходжання грамадзян.

Дадатковыя меры ўводзяць з прычыны росту захворвальнасці каронавіруснай інфекцыяй, ростам выпадкаў рэгістрацыі пнеўманіі і напружаным эпідэміялагічным станам, пра гэта паведамляе раённая газета “Наш час” са спасылкай на галоўнага санітарнага лекара Ваўкавыскага раёна Максіма Жуковіча.

Змены ў план мерапрыемстваў па папярэджанні распаўсюджвання каронавіруса ў Ваўкавыскім раёне ўступяць у сілу з дзявятага жніўня. Між іншым, у аб’ектах гандлю і бытавога абслугоўвання і іншых месцах, дзе цяжка забяспечыць сацыяльнае дыстанцыяванне, людзей без масак не будуць абслугоўваць. Раней прафілактычныя мерапрыемствы, звязаныя з каронавіруснай інфекцыяй, узмацнілі ў Лідскім раёне.