У Ваўкавыску судзяць крымінальнага аўтарытэта



У судзе Ваўкавыскага раёна 1 жніўня пачаўся працэс па справе крымінальнага аўтарытэта Аляксандра Логінава (з былой банды „пасялковых”), які ў 1998 годзе падчас бойкі ў начным клубе выстраліў у хакейнага трэнера Міхаіла Захарава і ахоўніка.

Логінаў хаваўся ад следства, у 2005 годзе асуджаны на 13 гадоў калоніі. Цяпер яго судзяць за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (ч. 2 арт. 411 КК) і могуць дадаць да асноўнага тэрміну яшчэ два гады пазбаўлення волі.

Лагінаў заявіў, што сваёй віны не прызнае. На яго думку, большасць дысцыплінарных праступкаў ён не ўчыняў, пратаколы былі сфальсіфікаваныя адміністрацыяй калоніі, апошнія паўгода ён знаходзіцца ў ПК № 11 у Ваўкавыску.

У абвінавачанні фігуруюць наступныя парушэнні: не павітаўся як след з начальнікам калоніі; ляжаў на падлозе ў штрафным ізалятары ў дзённы час; хадзіў па камеры ШІЗА пасля адбою; адмовіўся прыбіраць агульную тэрыторыю; расправіў вушы зімовай шапкі, калі знаходзіўся на вуліцы. За ўсе гэтыя парушэнні Логінаў ужо адбыў пакаранне — атрымліваў вымовы, абмежаванні ў спатканнях і перадачах, сядзеў у штрафам ізалятары і памяшканні камернага тыпу.

„Лічу, што па сукупнасці гэтыя парушэнні не могуць з’яўляцца злачынствам, — сказаў абвінавачваны. — Прызнаю толькі, што адмаўляюся бясплатна працаваць. Уборкай тэрыторыі за грошы займаецца гаспадарчы атрад. Калі мяне прымушаюць прыбіраць, гэта планамернае прыніжэнне. І калі я пагаджуся, то буду рабом”.

На думку Логінава, прадузятае да яго стаўленне тлумачыцца тым, што ў яго быў канфлікт з чалавекам з блізкага атачэння прэзідэнта — Аляксандр Лукашэнка сябруе з Міхаілам Захаравым. Акрамя таго, паводле слоў Логінава, падчас канфлікту ў начным клубе знаходзіліся старэйшыя сыны кіраўніка дзяржавы (у 1990-х у прэсе з’явілася інфармацыя, што стральбу наладзіў адзін з сыноў Лукашэнкі).

У 2005 годзе Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Логінава да 14 гадоў пазбаўлення волі, адзін год яму знялі па амністыі. З усяго тэрміну прыкладна восем гадоў асуджаны правёў у адзіночнай камеры ў турме — за парушэнне рэжыму ў калоніях. „Мая справа выкрывае занадта шмат парушэнняў сілавікоў. Таму яны вырашылі асудзіць мяне па артыкуле 411 і не выпускаць на свабоду”, — заявіў Логінаў.

Чакаецца, што прысуд будзе абвешчаны ў Ваўкавыску 2 жніўня.

belapan.com