У Ваўкавыску судзяць за мітынг, якога не было



У Ваўкавыску працягваюцца суды за мітынг 26 сакавіка, якога ў раённым цэнтры… не было. 11 красавіка намеснік старшыні раённага суду Леанард Дзіўнель разглядаў адміністрацыйную справу жыхара Ваўкавыску Леаніда Прэдкі.

Ваўкавыскі раённы суд

Леанід Прэдка, які быў на плошчы Ваўкавыску 26 сакавіка, не адмаўляў факт сваёй прысутнасці ў цэнтры гораду, аднак даводзіў, што не здзейсніў нічога супрацьпраўнага і ніякага мітынгу ў той дзень насамрэч не было. Адваротнае даводзілі сведкі – супрацоўнікі ваўкавыскай міліцыі падпалкоўнік Сяргей Сцепанцэвіч і яго падначалены Мікалай Сухоцкі. Дзеяннямі міліцыянтаў ў гэты дзень на плошчы кіраваў начальнік Ваўкавыскай міліцыі падпалкоўнік Максім Руды. У той дзень былі затрыманыя браты Аляксандр і Сяргей Кур’яновічы, на якіх таксама склалі пратаколы і будуць судзіць пазней.

Усяго ж у Ваўкавыску былі складзены 5 пратаколаў за нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні. 7 красавіка суддзя Мікалай Талашка засудзіў да 13 базавых штрафу Наталлю Буданаву. Іншая жыхарка Ваўкавыску Галіна Здановіч раённым судом была аштрафаваная на 2 базавыя велічыні.

Наталля Буданава перад раённым судом

Характэрна, што ў адсутнасць фактычных доказаў удзелу Леаніда Прэдкі ў міфічным мітынгу суддзя Леанард Дзіўнель адмовіў у хадайніцтве прагляду відэаматэрыялаў. Прагляд відэа ён палічыў немэтазгодным. 

У выніку 40-хвіліннага разгляду адміністрацыйнай справы Леанід Прэдка быў аштрафаваны на 12 базавых велічынь – 276 беларускіх рублёў.

Леанід Прэдка пасля судовага працэсу

„Гарадзенская вясна”