У Венесуэле затрымалі 11 журналістаў, сярод іх 7 замежных



У сталіцы Венесуэлы Каракасе былі арыштаваныя 11 журналістаў, паведаміла 31 студзеня ў Twitter прэс-служба Нацыянальнага прафсаюзу супрацоўнікаў прэсы ў Венесуэле (SNTP).

SNTP зафіксавала, што былі затрыманыя 7 замежных прадстаўнікоў медый і 4 журналісты з самой Венесуэлы. З іх толькі двое былі вызвалены, а яшчэ двое – высланы з краіны.

Паводле крыніц „Нямецкай хвалі”, улады Венесуэлы затрымалі супрацоўнікаў французскага тэлеканалу TMC П’ера Кайе і Баціста дэ Манцьё, а таксама іх прадусара, у SNTP пацвердзілі гэтую інфармацыю.

Журналісты вялі здымку дэманстрацыі ў падтрымку кіраўніка дзяржавы Нікаласа Мадуры, якога парламент Венесуэлы абвесціў ужо нелегітымным.

Таксама былі затрыманыя іспанскі журналіст Гансала Дамінгес і двое калумбійцаў – Леанарда Муньёс і Маўэн Барыга Варгас. Каля палацу Мірафлорас у Каракасе арыштавалі таксама двох супрацоўнікаў Нацыянальнай тэлевізіі Чылі – Радрыга Пераса і Гансала Бараона.

Палітычны крызіс і грамадзянскі канфлікт у Венесуэле працягваюцца.

Беларускае Радыё Рацыя