У верасні-лістападзе беларускія памежнікі выявілі 3 тыс. несапраўдных дакументаў



У верасні-лістападзе 2018 года беларускія памежнікі выявілі 3 тыс. несапраўдных дакументаў, паведамляе Дзяржпагранкамітэт.

За аналагічны перыяд 2017 года было больш за 2 тыс. выпадкаў падавання памежнікам несапраўдных дакументаў. Для параўнання, за летні сезон гэтага года колькасць правапарушэнняў з дакументамі перавысіла 6 тыс.

Рост колькасці правапарушэнняў у асноўным абумоўлены павелічэннем трансмежавага пасажырапатоку, адзначылі ў Дзяржпагранкамітэце. Так, за 11 месяцаў гэтага года беларускую мяжу перасеклі 24 млн чалавек, на 1 млн больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года. „А прычына падавання несапраўдных дакументаў на мяжы засталася ранейшай — няўважлівасць і нядбайнасць уладальнікаў дакументаў”, — падкрэслілі памежнікі.

Пазіцыю лідараў у парушэннях рэжыму дзяржмяжы занялі асобы, якія спрабавалі прайсці памежны кантроль па дакументах, што для гэтага не прызначаныя, або зусім без іх. На другім месцы апынуліся ўладальнікі змоклых, падраных, размаляваных ці сапсаваных іншымі спосабамі дакументаў. Замыкаюць тройку ўладальнікі пашпартоў, якія знаходзяцца ў спісах згубленых або выкрадзеных і са скончаным тэрмінам дзеяння.

belapan.by