У верасні самымі запатрабаванымі былі інжынеры, медсёстры і ўрачы



Самымі запатрабаванымі на сталічным рынку працы ў верасні 2019 года былі інжынеры, медыцынскія сёстры і ўрачы, сведчыць абноўлены спіс найбольш запатрабаваных работнікаў, апублікаваны ўпраўленнем занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Менгарвыканкама.

На 1 кастрычніка 2019 года ў сталіцы работадаўцы заявілі вакансіі 833 інжынераў, 687 медсясцёр, 652 урачоў.

Сярод найбольш запатрабаваных работнікаў таксама кухары (632), прыбіральшчыкі памяшканняў (565), прадаўцы (549), вадзіцелі (528), маляры (394), муляры (351), тынкоўшчыкі (339), падсобныя рабочыя (332), арматуршчыкі (295), слесары механазборачных работ (275), санітаркі (267), рабочыя па комплексным абслугоўванні будынкаў (266), кантралёры-касіры (262), грузчыкі (232), дырэктары (210), фельчары (206), выхавальнікі (200), электраманцёры (193), электрагазазваршчыкі (189), кухонныя рабочыя (157), дарожныя рабочыя (153), слесары-сантэхнікі (143), менеджары (121).

За дзевяць месяцаў гэтага года ў службы занятасці Менска па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнулася 12.672 чалавекі, з іх 5.129 беспрацоўных.

На канец верасня 2.843 беспрацоўныя ў сталіцы мелі права на атрыманне дапамогі, сярэдні памер якой складаў 27,08 рубля. Узровень афіцыйнага беспрацоўя склаў 0,1% эканамічна актыўнага насельніцтва Менска (на канец жніўня таксама 0,1%).

На пастаянную і часовую працу з пачатку 2019 года ўладкавана 7.598 чалавек, у тым ліку 2.200 беспрацоўных. Працаўладкавана 270 асоб, якія абавязаны кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей. Аказана фінансавая падтрымка 92 беспрацоўным у выглядзе субсідый для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.

Кансультацыю па пытаннях прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі атрымалі 2.495 чалавек, арганізавана навучанне 208. У грамадскіх работах узялі ўдзел 1.156 чалавек, у тым ліку 945 беспрацоўных.

Колькасць заяўленых вакансій на прадпрыемствах горада на 1 кастрычніка 2019 года склала 20.599, у тым ліку для рабочых – 13.033.

БелаПАН