У Відзах дэмантавалі герб Расейскай імперыі



Віцебскі журналіст Зміцер Казакевіч атрымаў адказ на петыцыю з патрабаваннем  дэмантаваць помнік-камень з гербам Расейскай імперыі, усталяваны сёлета ў цэнтры мястэчка Відзы Браслаўскага раёну.

Устаноўку каменя ініцыявала кіраўніцтва мясцовага прафесійна-тэхнічнага каледжу ў гонар заснавання ў 1803 годзе Відзаўскага павятовага вучылішча. Роля ж заснавальніка прыпісваецца цару Аляксандру І, які наўрад ці й ведаў пра існаванне Відзаў: ён толькі аддаў загад пра стварэнне  павятовых вучэльняў у мястэчках Расейскай імперыі.

Дзіўна і прыкра, што сучасныя людзі шукаюць свае  карані ў гісторыі чужой дзяржавы, кажа Зміцер Казакевіч:

– Было шмат вучэльняў адчынена. Можа, дзясяткі, а можа, сотні. Але ж гэта не значыць, што каля кожнай вучэльні ў Беларусі трэба ставіць камень з дзвюхгаловым арлом! Людзі шукалі вытокі сваёй вучэльні недзе там, і не бачылі, што карані – пад нагамі.

Міністэрства культуры пацвердзіла аргументы журналіста наконт шматлікіх гістарычных памылак у тэксце на мемарыяльнай дошцы. Прыкладам, Відзы ў пачатку XIX стагоддзя былі мястэчкам на тэрыторыі Віленскай, а не Ковенскай губерніі, ды і сама вучэльня мела іншую назву. У афіцыйным адказе з Мінкульту гаворыцца, што ў Браслаўскі раённы і ў Віцебскі абласны выканкамы накіраваны лісты з патрабаваннем “прыняць меры па факце ўстаноўкі памятнага знаку з парушэннямі дзейнага заканадаўства”. Бо з’яўленне падобных аб’ектаў мусіць адбывацца толькі з дазволу Міністэрства культуры, па які з Відзаў ніхто не звяртаўся.  Але застаецца незразумелым: ці помнік будзе дэмантаваны, ці на яго ўстаноўку дадуць дазвол пры ўмове выпраўлення недакладнасцяў.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя