У Вільні адкрыўся IV Беларускі праваабарончы форум



У Вільні адбылося адкрыццё IV Беларускага праваабарончага форума. З прывітальным словам выступіла прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звоскава Таццяна Рэвяка. Яна зачытала таксама вітальныя словы да ўдзельнікаў форуму спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харашці.

Таццяна Рэвяка адзначыла павелічэнне колькасці праваабарончых арганізацый – удзельніц форуму:

Правядзенне форуму ўжо стала добрай традыцыяй і з кожным годам нас, праваабаронцаў становіцца ўсё болей. У 2010 годзе у форму прымалі удзел прадстаўнікі 17 праваабарончых арганізацый. У 2013 годзе — ужо 25, а сёння, на IV праваабарончым форуме прысутнічаюць прадстаўнікі 29 праваабарончых арганізацый.

З ацэнкай правоў чалавека ў Беларусі выступілі старшыня Беларускага праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, Жанна Літвіна – сябра праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў, Вольга Смалянка – кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі. Яны адзначылі, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася, гаворыць Алесь Бяляцкі.

Сітуацыя па вялікім рахунку, мы ўсе гэта з вамі выдатна адчуваем у сваіх арганізацыях, на сваёй скуры, не змянілася. Мы гэтаксама знаходзімся у пазіцыі вострага непрыняцця агульнай грамадска-палітычнай сітуацыі. Мы працягваем адстойваць нашы правы, у першую чаргу свае асабістыя, нашых грамадзян і нашага грамадства.

У першы дзень форуму будзе дадзена ацэнка праваабарончай супольнасці, будуць абмеркаваны прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў Беларусі. Разам з тым будуць праведзены паралельныя мерапрыемствы па адукацыі ў сферы правоў чалавека, будзе праведзена паралель паміж савецкімі рэпрэсіямі і парушэннем правоў чалавека ў сённяшняй Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя