У Вільні пачаўся суд над Мікалаем Дзядком



20 снежня ў Вільні пачаўся судовы працэс над былым беларускім палітвязнем Мікалаем Дзядком.

Мікалай Дзядок

Нагадаем, 7 лістапада каля амбасады Расеі ў Літве 10 чалавек зладзілі пікет у знак падтрымкі Ільдара Дадзіна, першага асуджанага ў Расеі за неаднаразовае парушэнне парадку правядзення мітынгаў, які даслаў з калоніі ліст сваёй жонцы пра тое, што яго катуюць.

“Акрамя мяне на суд прыйшлі 6 чалавек: чатыры ўдзельнікі пікету і два гледачы – дзеля падтрымкі, – распавёў Мікалай Дзядок. – Мне прадаставілі перакладчыка і час, каб азнаёміцца са справай. Пасля фармальнай часткі пачаўся працэс. Сведкі чакалі выкліку ў калідоры, а я выклаў сваю версію здарэння. Праўда, суддзя мяне некалькі разоў перабіваў, задаваў пытанні”.

Па словах суразмоўцы, яго вінавацяць у тым, што пікетоўцы стаялі да амбасады бліжэй за 25 метраў, якія дазволены па заканадаўству.

“Але адзін з паліцэйскіх у сваім рапарце сам напісаў, што мы стаялі каля 30 метраў ад амбасады, – дадае ён. – Паколькі ніводны з паліцэйскіх у суд не прыйшоў, суддзя пасля таго, як выслухаў мяне, аб’явіў наступнае пасяджэнне на 18 студзеня, дзе будуць слухаюць версію паліцэйскіх”.

Нагадаем, па гэтым адміністрацыйным артыкуле Мікалаю Дзядку пагражае штраф да 570 еўра ці да 1 месяца турмы. Ён мяркуе, што тут не абышлося без умяшальніцтва супрацоўнікаў расейскай амбасады.

Кастуь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя