У Вільні пачынаецца IV Беларускі праваабарончы форум
19-22 кастрычніка 2017 г. у Вільні пройдзе IV Беларускі праваабарончы форум. Абмеркаваць скаардынаваць шматлікія пытанні па абароне правоў чалавека прыедуць не толькі прадстаўнікі ўсіх праваабарончых арганізацый Беларусі, але і праваабаронцы з Азербайджану, Грузіі, Літвы, Польшчы, Расе і Украіны.
Сумесная праца дасць магчымасць выпрацаваць найбольш эфектыўныя меры і метады абароны правоў чалавека, кажа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі:
— І стан з правамі чалавека ў Беларусі і, ў той жа час, стан у праваабарончым руху, у суадносінах паміж рознымі праваабарончымі арганізацыямі, карэкціроўка гэтага стану, імкненне неяк усё ж такі сумеснымі намаганнямі розных праваабарончых арганізацый дамагацца, каб стан з правамі чалавека ў Беларусі паступова паляпшаўся.
У межах Форуму плануюцца 11 паралельных мерапрыемстваў, на якіх будуць разгледжаны пытанні, датычныя дзейнасцi офicаў прававой дапамогi праваабарончых арганiзацый, права на інфармацыю ў Беларусі, салідарнасці падчас рэпрэсій, новых выклікаў для правоў чалавека ў лічбавую эпоху, адукацыі ў сферы правоў чалавека, гендэрнай ідэнтычнасці, будзе ацэнены досвед выкарыстання крытэраў вызначэння палітвязняў і дадзена ацэнка савецкіх рэпрэсій як асновы сённяшніх парушэнняў правоў чалавека. Увага будзе ўдзелена пашырэнню сярод праваабаронцаў і партнёраў падыходу, заснаванаму на правах чалавека, грамадскім праваабарончым кампаніям, праблемам парушэння правоў чалавека падчас крымінальнага пераследу за распаўсюд наркотыкаў.
Падчас Форуму адбудзецца прэзентацыя серыі „Беларуская турэмная літаратура” і турэмнага дзённіка Зміцера Дразда, будзе дзейнічаць майстэрня школы лічбавай бяспекі Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава (DSS375).
Па выніках Форуму плануецца прыняцце Рэзалюцыі.
У Аргкамітэт Форуму ўваходзяць Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, РПГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт”, Праваабарончы цэнтр „Вясна”, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, ГУ “Беларускі Дом правоў чалавека імя Б. Звозскава”, ПУ „Беларускі дакументацыйны цэнтр”, Камітэт абароны рэпрэсаваных „Салідарнасць”, Асветніцкая ўстанова „Цэнтр прававой трансфармацыі”.
Першы Беларускі праваабарончы форум адбыўся ў 2004 годзе каля Менска, другі – у 2010 годзе ў Вільні, трэці – у 2013 годзе ў Вільні.
Беларускае Радыё Рацыя
