У Вільні правялі дабрачынны аўкцыён у падтрымку беларускіх палітвязняў



На праведзеным у сталіцы Літвы мастацкім аўкцыёне ў падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем’яў сабралі 8 тысяч еўра. Пра гэта паведамляе сайт Delfi.lt. Аўкцыён праводзіўся ў віленскай галерэі Саюзу мастакоў Літвы, а таксама ў інтэрнэце. Прадалі амаль 40 твораў мастацтва. Грошы, пасля выплаты падаткаў, пойдуць палітычным вязням і іх семʼям у Беларусі. “Падтрымка, атрыманая дзякуючы мастакам і знатакам мастацтва, з’яўляецца сімвалам таго, што злачынствы рэжыму не забыты, і мы шчыра клапоцімся аб адважных людзях Беларусі, нашых суседзях, якія змагаюцца за сваю свабоду”, — сказала старшыня Літоўскага мастацкага таварыства Эгле Ганда Багданіене. Адной з апякунак аўкцыёну была Святлана Ціханоўская.