У Вільні загінула 19-гадовая студэнтка ЕГУ з Беларусі



18 траўня ў Вільні ў выніку няшчаснага выпадку загінула студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Вікторыя Грынкевіч.

Як паведамляецца на сайце ўніверсітэта, загінулая была студэнткай 2-га курса ЕГУ пастаяннай формы навучання праграмы „Медыя і камунікацыя”.

„Студэнты, выкладчыкі і ўсе члены супольнасці ўніверсітэта ўзрушаныя трагедыяй. Мы смуткуем і выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім Вікторыі. ЕГУ гатовы аказаць падтрымку сям`і Вікторыі”, — гаворыцца ў паведамленні ўніверсітэта.

Адзначаецца, што Віленскі камісарыят паліцыі займаецца расследаваннем абставін трагедыі. Служба па справах студэнтаў акажа псіхалагічную дапамогу студэнтам.

Інтэрнэт-выданне Delfi паведамляе, што трагедыя здарылася ў ноч на суботу ў студэнцкім гарадку. Загінулая — гэта 19-гадовая грамадзянка Беларусі, якая вучылася ў Літве і жыла ў студэнцкім інтэрнаце. Паводле папярэдняй інфармацыі, дзяўчына спрабавала забрацца на край балкона на 10-м паверсе, страціла раўнавагу і звалілася. Відавочцы расказалі, што гэта не самагубства.