У Віцебскай вобласці пабудуюць завод па вытворчасці вакцын ад COVID-19



3 лістапада Лукашэнка падпісаў указ аб рэалізацыі інвестпраекта, які прадугледжвае будаўніцтва ў вёсцы Доўжа Віцебскай вобласці завода па вытворчасці вакцын, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Па словах начальніка аддзела навукі Міністэрства аховы здароўя Маргарыты Дасінай, гэта доўгі вытворчы працэс, які складаецца з некалькіх этапаў. Першы – мадэрнізацыя восьмага паверха існуючай вытворчасці на „БелВітуніфарм”, пасля гэтага будзе пабудаваны будынак для вытворчасці вялікіх аб’ёмаў вакцыны.

– Паралельна мы рэалізуем вялікі навуковы праект, дзякуючы якому зможам правесці даклінічныя і клінічныя даследаванні і зарэгістраваць вакцыну. Ужо атрыманы прататып, адпрацаваны штамы, якія лягуць у аснову айчыннай вакцыны. Вядома ж, правяраецца эфектыўнасць узораў, – сказала яна.

Маргарыта Досіна таксама адзначыла, што «айчынная вакцына нам патрэбная – гэты праект дазволіць сфармаваць навуковую школу. Навукоўцы змогуць навучыцца хутка рэагаваць на новыя выклікі. Сёння на рынку шмат вакцын, але мы зробім наш аналаг, які павінен быць роўны па эфектыўнасці лепшым узорам іншых краін. А па кошце, натуральна, танней. Гэта дасць магчымасць вакцынаваць больш пацыентаў. Нашая вакцына будзе прызначаная для беларусаў, але ніхто не забараняе выходзіць на экспарт.

Як расказаў генеральны дырэктар РУП „Белмедпрэпараты” Сяргей Бяляеў, плануецца, што беларускую доследна-прамысловую партыю вакцыны пачнуць вырабляць у 2022 годзе. «Мы сумесна з „БелВітуніфарм“ стварылі прадпрыемства, галоўная мэта якога — вытворчасць беларускай вакцыны супраць каронавіруса. На першым этапе гэты працэс будзе складацца з двух стадый: вытворчасць актыўнага кампанента будзе ажыццяўляцца на „БелВітуніфарм”, а вытворчасць гатовай вакцыны – на магутнасцях „Белмедпрэпаратаў”. Другі этап – праектаванне і будаўніцтва вытворчага комплексу, які будзе вырабляць вакцыну па поўным цыкле – гэта плануецца да 2023-2024 года», – распавёў ён.

– Цяпер, у рамках навуковай работы, спецыялісты РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі пры ўдзеле спецыялістаў Інстытута біяфізікі НАН Беларусі распрацоўваюць прататып інактываванай вакцыны супраць каронавіруса. Ужо атрымана эксперыментальная партыя, ёсць папярэднія дадзеныя аб тым, што прэпарат бяспечны. Да канца года будзе завершана канчатковая распрацоўка лабараторнага рэгламенту. У наступным годзе мы павінны перадаць тэхналогію вытворцу. Затым будзе атрымана доследна-прамысловая партыя, якая пройдзе выпрабаванні – завершыцца ўсё рэгістрацыяй і прымяненнем вакцыны, – дадала намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Аліна Дроніна.

Вытворчая база ААТ „БелВітуніфарм” вызначана ўрадам як найбольш перспектыўная пляцоўка для даследча-прамысловай вытворчасці вакцыны, зыходзячы са ступені гатоўнасці інфраструктуры, наяўнасці падрыхтаваных спецыялістаў, а таксама магчымасці далейшага развіцця біятэхналагічнага кластара.

Зеркало