У віцебскім СІЗА – асабліва жорсткія ўмовы для “палітычных”



У следчым ізалятары, або СІЗА, цяпер утрымліваюць асуджаных на “суткі” за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Бо ў ізалятар часовага ўтрымання яшчэ з лета працягваецца рамонт.

Віцебскі актывіст Мікола Качурэц меў магчымасць параўнаць стаўленне з боку адміністрацыі да так званых “палітычных” у першыя дні пасля прэзідэнцкіх выбараў і цяпер. Ён быў затрыманы 9-га жніўня, асуджаны да 15-ці сутак арышту, але праз 4 дні яго, як і ўсіх затрыманых 9-га жніўня, адпусцілі. Цяпер, праз 8 з паловай месяцаў, яго забралі “дабыць” арышт. І ўмовы ўтрымання ў СІЗА сталі больш жорсткія , адзначае Мікола Качурэц:

-Вельмі такая была смярдзючая камера. І адразу пачаліся праверкі – па 5-7 разоў на суткі, 2-3 разы ноччу падымалі. Матрацы гэтыя – у адных забіраюць, у другіх не. Запальнічку тым, хто паліць, адным даюць, а нам – не. У душ мяне не звадзілі ні на 7-мы дзень, як належыць, ні на 8-мы – не далі мне памыцца.

Таксама ў СІЗА ў Міколы Качурца забралі кнігу, якую ён узяў з дому, каб пачытаць на “сутках”.Гэта была кніга Паўла Севярынца, і ахоўнікі сказалі, што будуць правяраць яе “на экстрэмізм”. У жніўні мінулага года стаўленне да зняволеныз у СІЗА куды больш адпавядала правілам утрымання ў падобных установах, кажа Мікола Качурэц. Тады з неапраўданай жорсткасцю ён сутыкнуўся толькі падчас затрымання ў дзень прэзідэнцкіх выбараў: міліцыянты збівалі яго, цягаючы за валасы, са словамі “Хочаш перамен – на табе перамены”. Паводле актывіста, цяпер і міліцыянты, і ахоўнікі ачмураныя тэлевізійнай прапагандай: яны вераць у забойствы пад бел-чырвона-белымі сцягамі і ў тое, што ўдзельнікам пратэстаў плацяць за іх грамадзянскую пазіцыю.

Беларускае Радыё рацыя, Віцебск