У Віцебску адкрылася крама для людзей з нізкімі заробкамі



99 капеек – гэта кошт большасці харчовых вырабаў,  якія прадаюцца ў віцебскай краме. Новая гандлёвая сетка з аднайменнай назвай разлічана на тых, для каго істотна зэканоміць на пакупцы прадуктаў.  Але некаторыя пакупнікі незадаволены ўзроўнем сервісу і лічаць што іх абразілі.

Сеткавая крама  “99 капеек” адкрылася на вуліцы Белабародава ў адным з новапабудаваных шматпавярховікаў.  Яе спецыфіка не толькі ў крокавай даступнасці: тут прадаюцца прадукты па  нізкіх коштах.  Паводле намесніка гендырэктара па арганізацыі гандлю  УП “Сервісінвест Запад” Мікалая Грэцкага, першую краму  “99 капеек” адмыслова адчынілі ў Віцебску.

“Гэта адзін з небагатых рэгіёнаў, тут нізкія заробкі, таму ў планах – адкрыць яшчэ некалькі такіх крам у горадзе, потым у Воршы, Полацку і Наваполацку. Верагодна, пашырым сетку на іншыя абласныя цэнтры. У Менск выходзіць не плануем”, – сказаў Мікалай Грэцкі.

Крама адкрылася тры дні таму без усялякай помпы – не было ні традыцыйных шарыкаў над уваходам, ні зніжак у дзень адкрыцця.  Першых пакупнікоў уразіў  і нязвыклы інтэр’ер гандлёвай кропкі – дакладней, яго поўная адсутнасць.

“Што гэта за крама?  Няма ні вітрынаў, ні  паліц!  Скрыні і ўпакоўкі стаяць  проста на падлозе.  Ці нас за людзей не лічаць, раз мы вымушаны шукаць самага таннага? Лепш бы пенсіі паднялі!” – незадаволена  кажа пакупніца-пенсіянерка,  і пільна правярае тэрміны прыдатнасці на ўпакоўках – непакоіцца, што па танных коштах прадаюцца сапсаваныя тавары.

Мінімальныя затраты на абсталяванне, безумоўна, выгадныя гаспадарам. Такі фармат продажаў кіраўніцтва сеткі называе “жорсткім дыскаўнтэрам”:  выгляд крамы нагадвае гуртовы склад, і ўсё прадаецца па гуртовых коштах.  Дарэчы, тут няма лядоўняў, таму адсутнічае малочная прадукцыя. Няма і  хлебабулачных вырабаў. З алкагольных напояў – толькі піва.

Большасць  тавараў насамрэч  каштуе 99 капеек. Ёсць  і таннейшыя  прадукты. Але ёсць і значна даражэйшыя: кава за 3 руб. 99 кап., мясныя кансервы за 2 руб. 89 кап., алей за 1 руб. 88 кап.  Кіраўніцтва сеткі сцвярджае, што тавары тут  усё адно больш танныя  ў параўнанні з іншымі крамамі. Спраўдзіць гэта не цяжка: у пары дзясяткаў метраў адсюль  – “Карона” і “Гіппо”. І некаторыя тавары, прыкладам,  цукеркі ўкраінскай фабрыкі   “ROSHEN”,  у краме “99 капеек”  нават даражэйшыя, чымсьці ў гіпермаркетах.  Але кіраўніцтва новай сеткі такой канкурэнцыі  не апасаецца – спадзяецца прывабіць пакупнікоў самымі таннымі прадуктамі найпершай неабходнасці.

Для незаможных жыхароў  Віцебшчыны гэта актуальна: заробкі на Віцебшчыне значна ніжэйшыя  ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі (меншыя толькі на Магілёўшчыне). Пытанне толькі ў “гандлі з падлогі”:  калі гэта адштурхне наведнікаў, кіраўніцтву давядзецца падумаць пра паліцы ды стэлажы. 

[Not a valid template]

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Фота аўтаркі