У Віцебску будуць судзіць праваабаронцу Паўла Левінава



У Віцебску суда за акцыі на Дзень волі чакае яшчэ мясцовы праваабаронца Павел Левінаў. Яго затрымалі разам з удзельнікамі, якія выйшлі на плошчу 26 сакавіка, але асудзіць не змаглі, бо з пастарунку Павел Левінаў трапіў у шпіталь. Прыгадвае падзеі мясцовая журналістка Алена Сцяпанава:

— Пасля таго, як яго затрымалі 26 сакавіка, яго спачатку завезлі ў міліцыю, дзе яму стала кепска: падняўся ціск. Туды выклікалі хуткую дапамогу, але хуткая абмежавалася дзвюма таблеткамі. Прагнозы так бы мовіць не пацвердзіліся, усё стала горш, уночы Паўлу Левінаву стала кепска і яго ўсё ж такі забралі ў шпіталь. Цяпер ён знаходзіцца ў шпіталі, адпаведна на судзе яго не было. Суд будзе тады, калі Павал Левінаў выйдзе са шпіталя. Але вядома з-за хваробы ніхто нічога не адменіць, не даруе і не перагледзіць.

У віцебскім рэгіёне позву ў суд мусіць атрымаць і аршанскі актывіст Ігар Казмярчак. 26 сакавіка яго затрымалі на цэнтральнай плошчы ў Воршы, аднак пратакол склалі за прысутнасць на акцыі, якая адбылася яшчэ два тыдні таму — за «Марш недармаедаў» 12 сакавіка.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя