У Віцебску, Гомелі і Магілёве зафіксаваныя тэмпературныя рэкорды
Другі дзень запар на беларускіх метэастанцыях фіксуюцца тэмпературныя рэкорды.
24 студзеня абнавіліся максімумы ў трох абласных цэнтрах. У Гомелі і Магілёве перакрытыя экстрэмумы 2002 года: 6,8 супраць 5,6 і 4 супраць 3,4 градуса цяпла адпаведна. У Віцебску рэкорд дня пратрымаўся год (3,5 супраць 3,4 градуса вышэй за нуль).
Новыя рэкорды зафіксаваныя таксама ў пяці райцэнтрах Віцебскай і Магілёўскай абласцей: Касцюковічах — 5,1 (4), Слаўгарадзе — 4,8 (3,4), Мсціславе — 3,7 (2), Воршы — 3,4 (3,3) і Горках — 2,9 (2,5). У Мсціславе ранейшы максімум дня быў зафіксаваны ў мінулым годзе, у астатніх гарадах — у 2002-м.
Напярэдадні быў пабіты абсалютны рэкорд дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў. У Жыткавічах і Лельчыцах Гомельскай вобласці паветра прагрэлася да 10,4 градуса вышэй за нуль. Ранейшы рэкорд дня складаў 8,9 градуса (23 студзеня 1993 года ў Высокім Берасцейскай вобласці).
Між тым 16—19 студзеня на метэастанцыях краіны было абноўлена 27 начных мінімумаў. Тэмпература падала да 28,7 градуса марозу (17 студзеня ў Слуцку, Менская вобласць).
Пасля 26 студзеня чакаецца паніжэнне тэмпературы.
(Для параўнальнага аналізу выкарыстаныя аператыўныя і архіўныя дадзеныя Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.)
