У Віцебску ідзе суд за палітычныя перформансы 



У Віцебскім абласным судзе разбіраюць справу чатырох віцяблян, якія, паводле следства, «выражалі свае палітычныя меркаванні з асаблівым цынізмам». Ірыну Пярцову, Кацярыну Макарэвіч, Юлію Лабунову і Арцёма Латышава вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: паводле часткі 2 артыкула 339 (злоснае хуліганства) і артыкула 341 (псаванне маёмасці ў іншых грамадскіх месцах). Следчы камітэт мяркуе, што выявіў экстрэмісцкую групоўку, якая дзейнічала ў закрытых тэлеграм-каналах, дзе распаўсюдзіла відэаролікі са здымкамі сваіх перформансаў. Прыкладам, удзельнікі на могілках інсцэніравалі «памінкі» па Аляксандру Лукашэнку і разбілі бейсбольнай бітай кінескоп тэлевізара з наклееным фотаздымкам журналіста Грыгорыя Азаронка, спалілі некалькі друкаваных дзяржаўных газет, і «дэманстравалі плакаты з назвамі дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама БЧБ-сімволіку», як паведамляе Следчы Камітэт.

На думку віцебскай праваабаронцы Ірыны Траццяковай, падсудныя былі вымушаны выкарыстоўваць менавіта такія метады звароту да грамадскасці, бо іншых і Беларусі практычна няма:

– Не, ніякіх магчымасцяў для выражэння сваіх меркаванняў у іх не было! У Беларусі «не да законаў», свабоды слова няма, незалежнай прэсы няма. Застаецца хіба такім вось партызанскім спосабам зняць відэаролік недзе на могілках… Такое было дзеянне, такі перформанс. Яны добра разбіраюцца ва ўсім, што цяпер адбываецца, і годна трымаюцца зараз у судзе.

Адну з падсудных, Кацярыну Макарэвіч, вінавацяць яшчэ і за ўдзел у мірным шэсці 6 верасня 2020 году – паводле артыкула 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Следчыя пазналі яе на фотаздымках, зробленых падчас маршу пратэсту супраць вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Падсудным пагражае да 6-ці гадоў зняволення, іх і зараз утрымліваюць пад вартай пасля затрымання 7 месяцаў таму, і праваабарончая супольнасць ужо абвясціла іх палітзняволенымі.

Беларускае Радыё Рацыя