У Віцебску няма грошай на помнік заснавальніку “Славянскага базару”



Радыён Басс кіраваў віцебскім фестывалем больш за 20 год – яшчэ з тае пары, як гэта быў Усесаюзны фестываль польскай песні, што ўпершыню прайшоў у Віцебску ў 1988 годзе. Ён быў нязменным дырэктарам “Славянскага базару”, а таксама заснавальнікам яшчэ цэлага шэрагу віцебскіх фестываляў. За важкі ўнёсак у мастацкае жыццё яго ўганаравалі званнем Заслужанага дзеяча культуры Беларусі, а таксама – званнем Ганаровага грамадзяніна Віцебска.

Фота з Фб Вольгі Сальнікавай

Цяжкая хвароба стала прычынай ягонай заўчаснай смерці ў верасні 2017 году. Радыён Басс пахаваны на цэнтральнай алеі могілак “Мазурына”, побач з магіламі іншых Ганаровых грамадзян горада. Але толькі на ягонай магіле няма помніка, хаця пахаванню ўжо два гады.

Фота „Витебский Курьер”

Упершыню ў гісторыі Віцебску абвешчаны грамадскі збор ахвяраванняў на надмагільны помнік Ганароваму грамадзяніну горада.

Пра тое, чаму на помнік Радыёну Бассу няма грошай, разважае Ірына Траццякова, адміністратар канцэртных пляцовак фэсту “На сямі вятрах”, які праводзіцца ў межах “Славянскага базару”.

– Напэўна, ніводнага чалавека няма ў Беларусі, ды і за межамі, які не ведае, што такое Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. І з імем Радыёна Басса звязана вельмі шмат. Гэта як лакмусавая паперка: мы ставім помнікі каровам і рыбам, але не можам за бюджэтныя сродкі ўшанаваць памяць чалавека, які доўгія гады ўкладаўся ў фестываль. І калі органы ўлады пайшлі на такі крок, то людзі збяруць сродкі! Можа, і за мяжой знойдуцца ахвотныя. І няхай дзяржава будзе ставіць помнікі каровам, а мы – людзям!

Паводле мясцовых СМІ, надмагільны помнік Радыёну Бассу робіць скульптар Аляксандр Гвоздзікаў, які ацаніў манумент у 24 тысячы рублёў. У адпаведнасці з рашэннем Віцебскага гарвыканкама, на ўпарадкаванне пахавання Ганаровых грамадзян горада з мясцовага бюджэту выдаткоўваецца сума памерам 150 базавых велічынь, на дадзены момант гэта менш за 4 тысячы рублёў. Між тым, у Віцебску сапраўды ўсталявалі скульптуру “Рыбка”, якая каштавала гораду каля 30 тысяч рублёў, летась тут з’явіліся манумент “Асілак” коштам амаль 75 тысяч рублёў і манумент “Дэсантнік” коштам каля 200 тысяч рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск