У Віцебску па 5-ці пратаколах асудзілі ўдаву вядомага мастака Сяргея Кухто



Настаўніцу з 44-гадовым стажам, цяпер пенсіянерку Раісу Кухто абвінавацілі за ўдзел у 4-х шэсцях і адным мітынгу. У тым ліку і за выкарыстанне плаката “Пенсіянеры супраць гвалту”. Суддзя суду Кастрычніцкага раёна Уладзімір Царыкаў аштрафаваў яе па сукупнасці 5-ці парушэнняў артыкула 23.34 КаАП на 24 базавыя велічыні (648 рублёў). А перад тым запытаўся, ці сама яна намалявала плакат, і ці плаціў ёй нехта за гэта грошы.

Раіса Кухто адказала вельмі годна:

– Я сказала, што мне плаціць сумленне. Калі б я не выйшла з плакатам, калі я не выказала сваю грамадзянскую пазіцыю, вельмі дрэнна сябе б адчувала! Я ўжо 8 год як пенсіянерка, я перажываю за тое, што робіцца ў нашай краіне, перажываю за сваіх дзяцей, унукаў, і ўвогуле за ўсіх, бо чужых дзяцей для настаўніка не бывае!

Плакат спадарыня Раіса таксама намалявала сама: у яе ёсць мастацкая адукацыя – яны з мужам, мастаком Сяргеем Кухто, разам навучаліся ў мастацкай вучэльні імя Глебава. Лёс распарадзіўся так, што мастак пайшоў з жыцця ў 1999 годзе, а за ягонымі творамі дагэтуль палююць калекцыянеры ўсяго свету, яны выстаўляюцца ў музеях, і сёння выклікаючы бурныя спрэчкі мастацтвазнаўцаў і захапленне прыхільнікаў ягонага таленту. Раіса Кухто стала захавальніцай ягонай творчасці: яна лічыць, што карціны мужа нельга прадаваць за грошы ў замежныя калекцыі, бо іх мусяць бачыць людзі, і яны – гонар Віцебска і Беларусі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск