У Віцебску прайшоў ператрус у незалежнага журналіста Вячаслава Лазарава



Міліцыянты прыйшлі ў кватэру да маці журналіста-фрылансера, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, паказалі ёй нейкі дакумент, які амаль 80-гадовая жанчына не паспела нават прачытаць і сказалі, што будуць “шукаць тэхніку”.

Вячаслаў Лазараў жыве асобна, і маці сказала пра гэта міліцыянтам. Але ператрус усё адно правялі, распавёў журналіст:

– Патэлефанавала маці, сказала, што ў нас два супрацоўнікі дома, што абшукваюць. Спачатку яны нават не назваліся, калі ўвайшлі, і толькі потым, калі трапілі ў кватэру, то сказалі, што праводзяць ператрус. Казалі, што шукаюць відэатэхніку, патыліся, дзе я яе захоўваю, дзе што ляжыць, ці ночыў я дома.

Паводле журналіста,  міліцыянты з кватэры нічога не забралі, але й не пакінулі ніякіх дакументаў  пра свой візіт. Таму не вядома, ці праводзіўся ператрус у межах нейкай адміністрацыйнай або крымінальнай справы. 

На думку праваабаронцы Ірыны Траццяковай, супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус найперш дзеля маральнага ціску на Вячаслава Лазарава і блізкіх яму людзей:

– Бо не было падставаў для ператруса. І супрацоўнікі, якія яго праводзілі, добра разумелі, што Слава тут не жыве, што ягоных асабістых рэчаў тут няма. Але, нягледзячы на гэта, быў аказаны ціск на ягоную сям’ю. Рэпрэсіі на гэтым і грунтуюцца: каб пацярпеў у дадзеным выпадку не толькі сам журналіст, але і ягоныя блізкія сваякі.

Раней  Вячаслава Лазарава ўжо судзілі і штрафавалі паводле артыкула 22.9 КаАП за супрацу з замежным СМІ без акрэдытацыі. Але ніколі раней у межах такіх справаў не было спробаў агледзець ці нават канфіскаваць ягоную відэатэхніку.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск