У Віцебску заклікалі не плаціць падатак на «дармаедства»



У Віцебску адбыўся марш недармаедаў, арганізаваны пераважна праз сацыяльныя сеткі і заклікі грамадскіх актывістаў прыходзіць на плошчу Перамогі і выказаць свой пратэст супраць падатку на дармаедаў. Заяўкі ў гарадскія органы на правядзенне акцыі не падаваліся, у асноўным людзі даведаліся пра марш праз сацыяльныя сеткі і незалежныя СМІ.

Акцыя сабрала каля 2 тысяч чалавек. Для таго, каб заглушыць выступоўцаў, улады менавіта ў гэты час зладзілі на плошчы Перамогі святкаванне Масленіцы. Але пратэстоўцы не разгубіліся, а прайшлі маршам па горадзе і спыніліся побач з філармоніяй. Адзін з удзельнікаў заклікаў суграмадзян не плаціць падатак.

Яшчэ адна спадарыня адзначыла, што хоча жыць у свабоднай краіне, дзе людзям плацяць нармальныя заробкі, а не спаганяюць штрафы з маладых людзей, якія не могуць нікуды ўладкавацца.

Падчас акцыі беларусы актыўна распавядалі пра свае праблемы, нават не заўсёды датычныя канкрэтна Дэкрэта №3, выказвалі сваю незадаволенасць уладамі і патрабавалі ад прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі сысці ў адстаўку. Акрамя жыхароў Віцебска, марш недармаедаў наведалі людзі з Полацка, Расонаў, Воршы, Бягомля, Менска, Лепеля, Магілёва і іншых гарадоў. Пратэст стаў бадай самай масавай акцыяй пратэсту ў Віцебску за многія гады.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск