У Віцебску жанчыну судзяць за тое, што ўкусіла міліцыянта



Супраць Таццяны Туравец, жыхаркі пасёлка Ноўка, пачалі крымінальную справу паводле артыкула 364 Крымінальнага Кодэксу (“Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі”). Інцыдэнт, які разбірае суддзя суду Віцебскага раёна Наталля Траццякова, здарыўся ноччу з 9 на 10 лютага.

У кватэру да Таццяны Туравец з пастановай на ператрус з’явіліся пяцёра міліцыянтаў у цывільным. Цяпер чацвёра з іх выступаюць у судзе ў якасці пацярпелых: яны сведчаць, што жанчына “хапалася за пасведчанне, хацела сфатаграфаваць пастанову пракурора, заяўляла, што праводзіць вобшук не дазволіць. Увогуле ж, пастанова не ператрус тычылася зусім на Таццяны Туравец, кажа яе дачка Ангеліна:

-На маё імя была папера на ператрус. Яны прыйшлі ў цывільным, было цёмна, паперу маме толкам паглядзець не далі і сказалі, што мяне ўжо затрымалі, і што дома будзе пертрус – што будуць шукаць наркотыкі. Мама мне патэлефанавала, я сказала, што са мной усё добра. Тады яна зразумела, што міліцыянты ёй хлусяць, і сказала, што ў дом нікога не пусціць.

Спалоханую жанчыну кінулі на падлогу, надзелі кайданкі. Міліцыянты сцвярджаюць, што падчас гэтага Таццяна Туравец укусіла за палец аднаго, пракусіла пальчатку другому і нанесла удар нагой у вобласць галавы трэцяму супрацоўніку. Апроч таго, сведчылі, што жанчына называла іх «бандытамі», «фашыстамі» і «карнікамі». За абразы і непадпарадкаванне міліцыянтам Таццяну Туравец ужо аштрафавалі на 870 рублёў. Цяпер, паводле крымінальнага артыкула, жанчыне пагражае да 6-ці гадоў зняволення. На думку яе 19-гадовай дачкі Ангеліны, сапраўднай падставай для ператрусу была яе грамадзянская актыўнасць: са жніўня мінулага году Ангеліну Туравец 5 разоў затрымлівалі, штрафавалі і трымалі за кратамі за ўдзел у акцыях мірнага пратэсту.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск