У Віцебску з’явіўся “жывемабіль”



Упершыню бел-чырвона-белы аўтобус “Фальксваген Т3” віцябляне ўбачылі ў мінулую нядзелю, калі ў горадзе праходзіла маніфестацыя супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і міліцэйскага гвалту.

Незвычайнае аўто з надпісам “Жыве Беларусь” на капоце і сімволікай штаба Святланы Ціханоўскай на бакох уразіла мясцовых жыхароў, і неўзабаве яму прыдумалі адмысловую назву – “жывемабіль”.

Гаспадар машыны Андрэй Кулакоў мае незвычайнае хобі – ён сабраў цэлую калекцыю мікрааўтобусаў гэтай маркі. І адзін з іх вырашыў выкарыстаць у агітацыйных мэтах, кажа Андрэй Кулакоў:

 -9-га не рызыкнуў,  бо сілавікі надта жорстка сябе паводзілі, заламалі б адразу. А ў гэтую нядзелю выехаў на дарогу, калі марш свабоды быў.

РР: А як  рэагуюць людзі, калі бачаць вашу машыну?

Андрэй Кулакоў: Станоўча. У асноўным. Хаця некалькі лукашыстаў было. Нават у маім двары мне бабулька сёння кукіш у акно паказвала. Бываюць такія занадта актыўныя лукашысты, якія прыходзяць і правакуюць канфлікт.

На незвычайнае аўто адразу ж звярнулі ўвагу і супрацоўнікі ДАІ. Некалькі разоў яны спрабавалі спыніць мікрааўтобус. Урэшце склалі пратакол і выклікалі на разбіральніцтва, бо машына не прайшла тэхагляд. Паводле гаспадара, яна спраўная. Але прайсці тэхагляд немагчыма, бо Андрэй Кулакоў прынцыпова не плаціць дарожны збор: ён лічыць гэта падатак незаконным і кажа, што адмаўляецца падтрымліваць грашыма цяперашні рэжым у краіне. 19-га жніўня ДАІ аштрафавала ўладальніка аўто на 2 базавыя велічыні, што складае 54 рублі. Грошы для Андрэя Кулакова тут жа сабралі прысутныя – а падтрымаць вынаходніка “жывемабіля” да будынка ДАІ прышлі некалькі дзясяткаў чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск