У Воранаве падлетак забіў маці самаробным мячом



Непаўналетні жыхар гарадскога пасёлка Воранава Гарадзенскай вобласці падазраецца ў забойстве маці. 17-гадовы юнак прызнаўся следчым, што нанёс ёй некалькі ўдараў па галаве самаробным мячом, а цела схаваў у хмызняку.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, 25 верасня жыхарка Воранава паведаміла пра працяглую адсутнасць на працы сваёй калегі. Да месца жыхарства жанчыны была накіраваная следча-аператыўная група.

Падчас следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў 17-гадовы сын зніклай жанчыны прызнаўся, што гэта ён 19 верасня забіў маці некалькімі ўдарамі па галаве самаробным мячом. Затым паказаў хмызняк ў раённым цэнтры, дзе схаваў цела.

Следчыя выявілі і канфіскавалі меркаваную прыладу забойства і шэраг іншых рэчавых доказаў. Прызначаныя шэраг экспертыз, якія дапамогуць усталяваць прычыны смерці жанчыны і прыкладны ход падзей. Магчымы матыў забойства — „сварка, якая ўзнікла на глебе непрыязных адносін”.

Падазраваны жыў з маці і братам. У дачыненні да яго будзе праведзеная комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза, якая дапаможа ўсталяваць, ці здольны падлетак адказваць за зробленае на агульных падставах.

Па факце забойства Воранаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса. Юнак затрыманы.  БелаПАН