У Воршы фаната судзяць за нашыўкі на вопратцы



Дзве абрэвіятуры могуць быць унесеныя Міністэрствам унутраных спраў у спіс экстрэмісцкіх.

Прэцэдэнт быў створаны ў Воршы, дзе суд убачыў экстрэмізм у дзвюх нашыўках футбольнага фаната з дадзенымі абрэвіятурамі. Адна з якіх, па меркаванні эксперта інстытута МІТСО Аляксандра Дзядзінкіна, азначае, што ўсе міліцыянты нядобрыя людзі, а другая заклікае да забойства супрацоўнікаў міліцыі халоднай зброяй.

Фаната затрымалі на двое сутак да суда, а затым аштрафавалі нібыта за супраціў міліцыі і лаянку ў грамадскім месцы. Пры гэтым ніхто, акрамя міліцыянтаў, версію пра нецэнзурную лексіку з вуснаў фаната не пацвердзіў. А затым разглядалася справа аб экстрэмізме.

З падрабязнасцямі наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч:

– Гісторыя пачалася яшчэ ў чэрвені, калі на футбольным матчы Ворша – Ліда міліцыя затрымала фаната клуба гаспадароў, у якога на панаме і шортах былі абрэвіятуры, якія часта чытаюцца, як заклікі супраць міліцыі. Упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю звярнулася да эксперта Аляксандра Дзядзінкіна з просьбай аб экспертызе, ці ёсць у абрэвіятуры экстрымізм. Фанат звярнуўся з хадайніцтвам да суда зрабіць адкрытым працэс, а таксама растлумачыць, чыму экспертызу праводзіць не культуролаг, а гісторык, і чаму міліцыя звярнулася па экспертызу да прыватнай арганізацыі, а не да дзяржаўнай. На ўсе хадайніцтвы была атрымана адмова. Пасля суда ў доме фаната быў праведзены агляд і канфіскафаны стыкеры, якія міліцыянты палічылі падазронымі.

Варта адзначыць, што прынамсі адна з дзвюх абрэвіятур шырока выкарыстоўваецца ў Еўропе моладзевымі субкультурамі і футбольнымі фанатамі. Беларусь можа стаць першай краінай, дзе выкарыстанне абрэвіятуры будзе забаронена з-за экстрэмізму.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша

[manual_related_posts]