У Воршы гарэў мясакамбінат
У Воршы здарыўся пажар на мясакансервным камбінаце. Пра ўзгаранне стала вядома прыкладна а 12:30, неўзабаве на тэрыторыю прадпрыемства заехалі некалькі аўтамабіляў пажарнай службы.
Падрабязнасці, якія сталі вядомыя на дадзены момант, перадае наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч:
– Інфармацыя пра пажар на Аршанскім мясакамбінаце хутка распаўсюдзілася ў горадзе. На тэрыторыю камбіната заехалі адразу сем пажарных машын. Паводле папярэдняй інфармацыі, якую ўдалося здабыць у сведкаў здарэння, гарэў цэх халадзільных установак. Пра пажар стала вядома недзе а палове на трынаццатую, а праз паўгадзіны агонь удалося згасіць. Ратавальнікі высвятляюць прычыны, якія прывялі да загарання. Наколькі вядома, чалавечых ахвяраў на пажары не было.
На дадзены момант сітуацыя нармалізавалася, пажар на прадпрыемстве цалкам ліквідаваны. Пажарныя машыны пакінулі тэрыторыю Аршанскага мясакамбіната.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша