У Воршы не вяртаюць беларускую мову ў транспарт
Беларуская мова па-ранейшаму не гучыць у аршанскім грамадскім транспарце. Больш за год таму яе прыбралі з гарадскіх аўтобусаў, і з таго часу прыпынкі ў горадзе аб’яўляюцца па-расейску.
Актывісты Таварыства беларускай мовы зрабілі новае агучванне прыпынкаў па-беларуску, аднак родная мова пакуль не вяртаецца ў аўтобусы. У аўтобусным парку № 3, які адказвае за пасажырскія перавозкі ў Воршы, паведамілі, што не маюць права вярнуць беларускую мову ў транспарт без узгаднення з Аршанскім райвыканкамам.
Намеснік дырэктара аўтапарку па перавозках Віталь Цярэшчанка гаворыць, што вырашаць пытанне трэба з гарадской адміністрацыяй.
— Выканкам пакуль не ідзе на замену, але трэба праз іх, бо яны замоўнікі перавозак і яны будуць вырашаць. Факт у тым, што нам ніякіх указанняў замяніць расейскую мову на беларускую не паступала.
У райвыканкаме пакуль не спяшаюцца вяртаць беларускую мову ў гарадскія аўтобусы, хаця ўсе неабходныя аўдыёфайлы даўно перададзены ў аўтапарк. Сябры аршанскага ТБМ збіраюцца ў бліжэйшы час афіцыйна звярнуцца да гарадской адміністрацыі, каб, нарэшце, вырашыць даўняе пытанне.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша
Фота: beltransport.by