У Воршы праводзілі ў апошні шлях Алеся Шутава



Вядомы далёка за межамі роднага горада палітычны і грамадскі актывіст, краязнаўца і хімік Алесь Шутаў памёр 4-га кастрычніка ў бальніцы, дзе ляжаў з пнеўманіяй. Прычынай смерці стаў адарваны тромб.

img_20161007_150209

На развітанне ў Воршу прыехалі сябры, калегі і вучні Алеся Шутава з іншых гарадоў Беларусі, а таксама з Украіны, Польшчы і іншых краін. Смерць вядомага дзеяча стала шокам — усяго пяць тыдняў таму яму споўнілася 46 год. 7-га кастрычніка Алесь Шутаў быў пахаваны на могілках у вёсцы Целянцеева пад Воршай. Аптымізм і гатовасць вырашаць любыя задачы – надзвычай важныя якасці актывіста запомняцца назаўжды, гавораць сябры памерлага.

– Алесь быў вельмі добры. Часам мне здавалася, што ён злуецца, але ён не злаваўся. Ён быў вельмі вясёлы.

– Я Алеся ведаў даўно – з сярэдзіны 90-х гадоў. І з таго часу мы разам з ім працавалі. Калі я працаваў у Сацыял-дэмакратычнай партыі, ён мне прадаставіў офіс. Мы там  збіраліся, праводзілі сустрэчы і мерапрыемствы. Мы працавалі ў кааліцыі, сумесна прымалі рашэнні. Шкада, што ён так нечакана сышоў. Ён увайшоў у гісторыю Беларусі як адзін з самых яркіх лідараў.

alesАлесь Шутаў нарадзіўся ў 1970 годзе ў Воршы, скончыў мясцовую школу № 8 і хімічны факультэт Белдзяржуніверсітэту. Ужо ў 20-гадовым узросце быў актыўна залучаны ў грамадскае жыццё, браў удзел у блакадзе Аршанскага чыгуначнага вузла ў 1991-м (сёлета Паліна Сцепаненка і Віктар Траццякоў выпусцілі дакументальны фільм, прысвечаны тым падзеям, дзе Алесь Шутаў выступіў адным з прамоўцаў). Актывіст у маладосці ўступіў у БНФ “Адраджэньне”, затым заснаваў моладзевую арганізацыю “Звяз”, якая дзейнічае і дагэтуль, а апошнія гады каардынаваў працу кампаніі “Гавары праўду” ў Воршы.

ales8

Акрамя таго, Алесь Шутаў быў адным з лепшых гульцоў інтэлектуальных шоў “Мазгабойня” і “Бітва розумаў”, разам з камандай арганізацыі “Звяз” быў чэмпіёнам горада.

img_20161007_142338

img_20161007_141251

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша