У Воршы створана рэгіянальная арганізацыя прафсаюза РЭП
Больш за 60 чалавек увайшлі ў рэгіянальную ячэйку прафсаюза РЭП, якая створана ў Воршы. Многія з людзей ужо даўно далучыліся да рэспубліканскай арганізацыі, а яшчэ каля 70 чалавек збіраюцца падаць заявы. На ўстаноўчым сходзе прысутнічалі кіраўнік прафсаюзу Генадзь Фядыніч ды кіраўнік Віцебскай рэгіянальнай структуры Георгій Разумаў.
Старшынёй аршанскай структуры абраны Аляксандр Булаўка. Ён паведаміў «Радыё Рацыя», што ў Воршы прафсаюз мае кваліфікаванага юрыста і распачаў працу па абароне грамадзян.
— Выбралі старшыню, выбралі прафкам, нам прадставілі, хто будзе ў нас юрыстам. Наша галоўная мэта — абарона правоў чалавека. За апошні час мы выйгралі некалькі працэсаў, прысутнічаем у судзе не толькі як юрысты, але і маральная падтрымка. Ёсць чыгуначнікі, ёсць цепласетка, з садка, ясляў, пенсіянеры, рабочыя. У нас ёсць вельмі кваліфікаваны юрыст – Аляксандр Масалкоў.
Бліжэйшыя пытанні, якія збіраецца разглядаць прафсаюз РЭП у рэгіёне – падатак на дармаедаў, ціск на рабочых на прадпрыемствах, скасаванне працоўных кантрактаў людзей. У рэгіянальную ячэйку ўваходзяць жыхары Воршы, Дуброўны, Талачына і іншых гарадоў і вёсак.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша