У Воршы святкуюць дзень надання гораду Магдэбургскага права



У Воршы 13-га снежня адзначаюць 396-ю гадавіну надання гораду прывілею на Магдэбургскае права. У сувязі з гэтым мясцовыя дэмакратычныя актывісты надрукавалі і распаўсюдзілі каляровыя календары на 2017 год з надрукаванай у іх інфармацыяй пра важную падзею XVII стагоддзя.

Краязнаўца Юрый Нагорны адзначыў, што цяперашнім беларускім чыноўнікам ёсць чаму павучыцца ў продкаў:

— Мы не толькі бралі ад Еўропы, але мы і давалі Еўропе. І на сённяшні дзень, сённяшнім уладам, ёсць шмат чаму павучыцца ў тых уладаў ХVI-XVII стагоддзя, як сапраўды любіць і паважаць свой народ, даваць ім магчымасць праяўляць сваю ініцыятыву ва ўсіх справах: і гаспадарчых, і творчых і дзяржаўных.

У наступным годзе аршанскія дэмакраты плануюць ладзіць сустрэчы, якія дапамогуць грамадскасці лепей зразумець усе перавагі мясцовага самакіравання. На такіх сустрэчах не толькі ўзгадаюць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, але і падумаюць, як гараджане могуць павялічыць свой уплыў на падзеі роднага горада.

0h_itkymwk0

fqzer9nk6sa

mov7cvkrxtk

Кастусь Багушэвіч, беларускае Радыё Рацыя, Ворша