У Воршы ўлады пабаяліся святкаваць 1 Траўня?



Аршанскі райвыканкам адмовіўся святкаваць Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных. Свята адзначалася ў Воршы штогод, аднак у 2017 годзе святкаванняў не будзе. Пра гэта паведамілі ў аршанскім аддзяленні прафсаюза РЭП. Актывісты незалежнага прафсаюза падалі заяўку ў выканкам, дзе хацелі атрымаць дазвол ад улады на ўдзел у святочным мітынгу ў агульнай калоне складам каля 100 чалавек. У выніку ўлады згарнулі падрыхтоўку да мітынгу 1 Траўня і паведамілі пра тое, што сёлета праводзіцца ён не будзе.

Кажа прадстаўнік прафсаюза РЭП Васіль Бераснеў:

– Відаць, з прычыны масавага ўдзелу звычайных рабочых Аршаншчыны ўлада пайшла нават на такі крок, як неправядзенне 1 Траўня, хоць мерапрыемства і было запланаванае. Гэтым разам улада ўсё ж перастрахавалася. Відаць, добра напалохалі яе падзеі 12 сакавіка.

Афіцыйная частка свята 1 Траўня ў Воршы традыцыйна адбываецца з удзелам супрацоўнікаў разнастайных ідэалагічных аддзелаў, на іх няма ніякай крытыкі дзеючай улады. Аршанскі райвыканкам убачыў пагрозу ў тым, што ў святочнай калоне могуць з’явіцца сябры незалежнага прафсаюза РЭП, як правіла, звычайныя рабочыя з заводаў, а таму адмяніў правядзенне мітынгу.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша