У Воршы выйшла брашура з падрабязным аналізам выбарчых кампаній 2016 і 2018 гадоў



У Воршы выйшла брашура з падрабязным аналізам выбарчых кампаній 2016 і 2018 гадоў.

Яе вокладка зроблена арыгінальна — яе верхняя частка, дзе сфатаграфаваная выбарчая камісія, размыта, каб паказаць, што насамрэч бачаць назіральнікі замест празрыстага ўліку кожнага з бюлетэняў.

“Неабходна было выкласці дадзеныя незалежнага назірання і яго аналіз на паперы, а не толькі ў інтэрнэце”, – кажа адзін з аўтараў кнігі, прадстаўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Ігар Казмерчак:

— Канешне, усе гэтыя прозвішчы ёсць і ў інтэрнэце, гэтыя прозвішчы будуць і ў архівах, але ў беларускай масавай свядомасці ўсё ж кніга, гэта кніга. Гэта больш каштоўная і надзейная крыніца інфармацыі. А гэтае выданне, я думаю, таксама стане ў будучым для тых, хто будзе пісаць рознага кшталту дысертацыі па рэчаіснасці палітычнага жыцця пачатку ХХІ стагоддзя будзе больш каштоўным, чым інтэрнэт-крыніцы.

Кніга “Выбары 2016, 2018 на Аршаншчыне” каштоўная тым, што тут даюцца не толькі высновы назіральных кампаній і палітычныя ацэнкі, але і факты з лічбамі, якія гавораць пра сумнеўныя вынікі выбараў, а таксама называюцца прозвішчы і пасады тых людзей, якія былі задзейнічаныя ў іх фальсіфікацыі.

 

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя