У Воршы забаранілі агітацыйны мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай
Ён мусіў адбыцца 2-га жніўня ў Парку герояў. Аднак да прызначанага часу ў парку з’явіліся чыноўнікі аршанскага райвыканкама і міліцыя.
Яны загадалі прысутным разысціся, бо мерапрыемства несанкцыянаванае, раз на ім не прысутнічаюць давераныя асобы кандыдаткі Святланы Ціханоўскай, якія падавалі заяўку. Прысутнасць іншай даверанай асобы чыноўнікаў і міліцыянтаў не задаволіла, распавёў Аляксандр Гапанькоў:
– Сёння прыйшлі з райвыканкама і сказалі: раз заяўку падаваў не я, а Вольга Кавалькова, то я як давераная асоба не маю права нічога праводзіць. Хаця я раней заходзіў у выканкам, каб даведацца, ці атрымалі нашы заяўкі, і прапаноўваў напісаць ад сябе асабіста. Мне сказалі, што не трэба, што ўсё ўжо напісана. Але ў законе не сказана, што менавіта тая давераная асоба, якая падавала заяўку, мусіць усё праводзіць.
Аляксандр Гапанькоў збіраецца падаць скаргу на дзеянні мясцовых чыноўнікаў: на ягоную думку, яны сказілі сэнс артыкула 45-1 выбарчага заканадаўства. Там гаворыцца, што заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства павінны падаваць кандыдат або давераная асоба кандыдата, і што “кандыдаты, іх давераныя асобы абавязаны садзейнічаць забеспячэнню грамадскага парадку” падчас пікета або мітынгу. Але нічога не сказана пра неабходнасць асабістай прысутнасці заяўніка на агітацыйным мерапрыемстве.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
