У вучняў Казлоўшчынскай школы – наваселле



Вучні і настаўнікі Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна сёлета навучальны год пачынаюць у новым памяшканні. Гэта памяшканне ім дасталося ад былога Казлоўшчынскага ліцея, якога ўжо не існуе.

Каля новага памяшкання школы і адбылася 1 верасня святочная ўрачыстасць.

Шчыра павіншаваў усіх з новымі навучальным годам старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік. Ад раённага выканаўчага камітэта і аддзела адукацыі ён перадаў школе падарункавы сертыфікат на 2000 рублёў.

Павіншаваць землякоў з Днём ведаў і адкрыццём новай школы на сваю малую радзіму прыехаў  памочнік прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка. Калісьці ён быў вучнем Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Дырэктар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Данільчык звярнуўся з падзякай да ўсіх, хто дапамагаў рэалізаваць будаўнічы праект і падрыхтаваць школу да новага навучальнага года.

Ад старшыні Дзятлаўскага райвыканкама дырэктар Казлоўшчынскай школы  атрымаў вялікі ключ. Потым была перарэзана стужка і ўсе госці, настаўнікі, вучні і бацькі пазнаёміліся з класснымі пакоямі і кабінетамі новай школы. Сёлета ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе сядуць за парты 250 вучняў.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён

Фота аўтара