У якіх выпадках менчане мяняюць імя і прозвішча?



Што прымушае чалавека змяняць не толькі прозвішча, але нават імя? Пра гэта агенцтву „Мінск-Навіны” расказала начальнік аддзела ЗАГС адміністрацыі Савецкага раёна Вольга Кіпер.

Як аказалася, уласнае імя часцей за ўсё мяняюць людзі творчых прафесій, якія выкарыстоўваюць для прафесійнай дзейнасці псеўданім.

– Сярод такіх часцей за ўсё сустракаюцца артысты, мастакі, дызайнеры, – падзялілася субяседніца. – Яны хочуць узаконіць псеўданім, да якога прывыклі, які вядомы шырокаму колу людзей. Гэта прычына № 1 для змены ўласнага імені.

Звяртаюцца ў ЗАГС і бацькі маленькіх дзяцей, калі ў сям’і не прыжываецца імя малога, дадзенае пры нараджэнні.

– Здараецца, тата з мамай не могуць дамовіцца, і хто-небудзь з іх ідзе на саступкі, але потым яны ўсё ж звяртаюцца да нас з просьбай аб замене імя, – тлумачыць Кіпер. – Часцей гэта здараецца ў першы год жыцця малога. Такая працэдура ў нас называецца ўнясеннем зменаў. Выконваць яе можна, пакуль дзіцяці не споўнілася 6 гадоў. Для гэтага абодвум бацькам трэба прыйсці ў ЗАГС, пісьмова пацвердзіць і абгрунтаваць сваё рашэнне, напрыклад, рэгістраваў бацька, не ўлічыў пажаданне мамы.

А вось што тычыцца прозвішча, то часцей за ўсё яго мяняюць праз немілагучнасць. Але гэтая не адзіная прычына.

– Ёсць выпадкі, калі дарослыя маладыя людзі бяруць прозвішча айчыма, які іх выхоўваў. Так яны выказваюць сваё прызнанне і ўдзячнасць, – дзеліцца Вольга.

Часам поўнае абнаўленне прозвішча і імя звязана са зменай полу, але такія выпадкі нячастыя. Дарэчы, у мінулым годзе ў Савецкім раёне ўсяго было зарэгістравана 62 выпадкі змены імені або прозвішча па розных прычынах. У 2018-м – 107 выпадкаў.

– Лічбы ў апошні час зменшыліся ў сувязі са змяненнем заканадаўства і спрашчэннем змены прозвішча ў выпадку замужжа, – тлумачыць начальнік аддзела ЗАГС. – Чалавек можа зрабіць гэта не пры заключэнні шлюбу, а пазней. Напрыклад, хтосьці едзе адпачываць і не плануе мяняць пашпарт на працягу месяца пасля вяселля, таму жадае пазней аформіць дакументы на новае прозвішча. У такім выпадку жанчына можа пасля рэгістрацыі шлюбу ў любы час падаць заяву ў ЗАГС, змена уносіцца ў дакументы на працягу 10 дзён.

zviazda.by