У заказніку ў Бярэзінскім раёне незаконна высеклі дрэвы на Br24 тыс.



Бярэзінскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу ў дачыненні да 56-гадовага майстра лесу, які падазраецца ў незаконнай высечцы дрэў, якая прывяла да страты ў асабліва буйным памеры. Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Менскай вобласці Таццяна Беланог.

Крымінальная справа па ч. 2 арт. 277 КК распачата на падставе праверкі супрацоўнікаў Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Яны выявілі незаконную рубку дуба, клёну і ліпы на асабліва ахоўнай тэрыторыі Бродзецкага лясніцтва – у водна-балотным заказніку мясцовага значэння „Вязькуціна”.

Устаноўлена, што майстар лесу пры арганізацыі суцэльнай санітарнай высечкі на тэрыторыі заказніка вызначыў для спілоўкі дрэвы, не адзначаныя ў лесасечным білеце. У выніку 40 клёнаў, 14 дубоў і 5 ліп былі незаконна высечаныя, – распавяла Таццяна Беланог. – Прычыненая шкода навакольнаму асяроддзю склала больш як Br24 тыс. „

Пры аглядзе ўчастка былі зафіксаваныя 100 шасціметровых бярвенняў дрэў названых парод. Канфіскавана адпаведная дакументацыя, прымаюцца меры ў мэтах пакрыцця нанесенай шкоды. Следчыя і працэсуальныя дзеянні працягваюцца. Канчатковая прававая ацэнка дзеянням мужчыны будзе дадзена па выніках расследавання.

zviazda.by