У Заслаўі абрынулася трыбуна цырка-шапіто — ёсць пацярпелыя



У цырку-шапіто Sirius ў Заслаўі абрынулася частка глядацкіх трыбун. Гэта адбылося ўвечары 7 веранся.

Пацярпелі шэсць чалавек — двое дзяцей і чацвёра дарослых. Сярод пацярпелых — цяжарная жанчына, яе даставілі ў другую радзільню Менска. У абласную лякарню трапілі 5 чалавек. Ва ўсіх траўмы рознай ступені цяжкасці — удары і пераломы.

Дырэктар цырку Сяргей Кахновіч распавёў, што інцыдэнт адбыўся перад пачаткам прадстаўлення, калі гледачы займалі свае месцы. Па яго словах, „сядушкі склаліся, як даміно. Людзі сталі падаць. Тым, хто паспеў сесці, прыціснула ногі”. Да цырку з’ехаліся аўтамабілі ратавальнікаў і хуткай дапамогі. Паказ быў адменены, гледачоў вывелі на вуліцу. Вядома, што гэта ўжо другі выступ перасоўнага цырка Sirius ў Заслаўі.