У затрыманай на мяжы літаратуры не знайшлі праяваў экстрэмізму



Слонімскі грамадскі актывіст Павел Севасцьян атрымаў яшчэ адзін адказ на зварот да Гарадзенскай рэгіянальнай мытні. Ён імкнецца вярнуць забраныя на памежным пераходзе “Бераставіца” асабістыя кніжкі і газеты.

– Толькі вось зараз прыйшоў адказ. Адмысловая камісія ажыццявіла даследванне прадстаўленага інфармацыйнага прадукта на прадмет наяўнасці праяваў экстрэмізму. Рашэнне камісіі ад 16.02.2015 года. І вызначыла адсутнасць прыкмет экстрэмізму ў адабранай літаратуры. З мэтай вяртання літаратуры вам неабходна звярнуцца на адрас мытні. Яны гавораць, зверху сказалі, што ўсе беларускія кнігі і выданні трэба адымаць.

Яшчэ 27 ліпеня мінулага году пры мытным даглядзе ў аўтамабілі, які належыць Севасцьяну, была выяўлена і забраная літаратура – часопісы, газеты «Наша ніва», кнігі, у тым ліку польска-беларускі слоўнік, выдадзены ў дзяржаўным выдавецтве Рэспублікі Беларусь. Пасля таго як грамадскі актывіст накіраваў хадайніцтва на імя начальніка мытні скаргу, атрымаў паведамленне, што адмысловая камісія не выявіла ў канфіскаванай на мытні літаратуры прыкметаў экстрэмізму.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя