У завядзенні крымінальнай справы — адмоўлена



Такая выснова вынікае з апавяшчэння Берасцейскага міжраённага аддзела УСК РБ па Берасцейскай вобласці. Паперу накіравалі да Дзмітрыя Казлянка, брата берасцейскага актывіста Аляксандра Казлянка, калі першы спрабаваў абараніць другога ад затрымання ва ўласнай кватэры ў межах адміністрацыйнай справы. Здарэнне адбылося напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у пачатку жніўня і трапіла на відэа:

– Адыдзіце, калі ласка, і не замінайце.

– Я не замінаю.

– Калі вы адмовіцеся падпарадкавацца законным патрабаванням, то да вас будзе ўжыта фізічная сіла і спецсродак. Адмаўляецеся адысці?

Пасля гэтага, маёр міліцыі Кавальчук, які фігуруе на згаданым відэа, напісаў заяву ў Следчы камітэт на Дзмітрыя Казлянка, каб тыя здзейснілі праверку па факце супраціву супрацоўніку міліцыі. Следчыя дзеянні (праверка), па словах Аляксандра Казлянка, цягнуліся амаль чатыры месяцы, з 6 жніўня па 1 снежня і скончыліся згаданай вышэй адмовай у завядзенні справы. «Негледзячы на прававы дэфолт і міліцэйскае свавольства ў нашай краіне выпадаюць вельмі рэдкія і ад гэтага ўдвая прыемныя нечаканасці», – пракаментаваў апавяшчэнне з УСК Аляксандр Казлянка.

***

Аляксандр Казлянка — берасцейскі грамадскі актывіст і назіральнік на сёлетняй электаральнай кампаніі ў Рэспублікі Беларусь. Неаднаразова затрымліваўся сілавікамі як да, так і пасля правядзення выбараў у межах адміністрацыйных справаў. Караўся арыштам.

Беларускае Радыё Рацыя