У Зэльве развіталіся з Юляй Качук



Сотні зэльвенцаў, а таксама сяброў грамадскіх арганізацый і партый са Слоніма, Менску, Гародні і іншых гарадоў Беларусі прыехалі 17 ліпеня на паховіны маладой 31-гадовай беларускай мастачкі і паэткі Юлі Качук – дачкі мясцовага краязнаўцы і грамадскага дзеяча Юрыя Качука.

Юля Качук трагічна загінула 13 чэрвеня ў Празе. Там яна скончыла эканамічны факультэт. Працавала і займалася мастацтвам. У 2013 годзе яна прымала ўдзел у выставе сучаснага незалежнага мастацтва ў чэшскай сталіцы.

Юля Качук нарадзілася ў Зэльве. Там дзяўчына скончыла музычную школу. Акрамя музыкі добра малявала, пісала вершы. У 2001 годзе Юля была лаўрэатам Рэспубліканскага літаратурнага конкурса “Дзень Зямлі. Беларусь 2001”. У 2002 годзе яна атрымала дыплом першай ступені за выдатныя дасягненні ў Рэспубліканскім літаратурным конкурсе “Я маю твор…”. Выдавала ў Зэльве газету “Зяльвяначка”. Яе вершы друкаваліся ў часопісах “Першацвет”, “Бэз”, газеце “Наша ніва”.

Юлю Качук пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам на Зэльвенскіх могілках.

Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва