У Зэльве ўшанавалі Ларысу Геніюш



У нядзелю, 6 жніўня, у Зэльве творчая інтэлігенцыя Беларусі адзначыла 107-я ўгодкі з дня нараджэння вялікай беларускай паэткі-змагаркі Ларысы Геніюш (1910-1983).

Ушанаванне пачалося ў Зэльвенскай Свята-Троіцкай царкве паніхідай. Потым старшыня Гарадзенскага Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка ўручыў падзячную грамату Саюза беларускіх пісьменнікаў настаяцелю царквы ў Зэльве Георгію Субаткоўскаму за ўшанаванне памяці Ларысы Геніюш, за адкрыццё ў храме пакоя-музея ёй прысвечанага, і за папулярызацыю твораў паэткі.

Працягвалася мерапрыемства згадкамі пра паэтку-змагарку ў царкоўным доме. Сустрэчы з ёю прыгадалі пісьменнікі Уладзімір Ягоўдзік, Юрка Голуб, Аляксей Пяткевіч.

Пра творчасць Ларысы Геніюш распавядалі і чыталі ёй прысвечаныя вершы Міхась Скобла, Валерый Петрыкевіч, Алена Таболіч і многія іншыя прысутныя. Міхась Скобла нават правёў літаратурны конкурс, прысвечаны жыццю і творчасці паэткі. А пераможцы атрымалі новыя беларускія кнігі. У гэты дзень Таццяна Грыневіч праспявала некалькі песень на словы паэткі.

Госці і землякі паэткі ўсклалі кветкі да помніка Ларысы Геніюш у Зэльве і на магілу Ларысы і Янкі Геніюшаў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота аўтара